Дзіцячую больніцу ў Гомлі адчынілі для Лукашэнкі і зачынілі для хворага дзіцяці


«Гэта сапраўдны палац, дзе дзеці будуць лячыцца. І слава богу, і няхай лечацца». Так Лукашэнка адзываўся пра рэканструяваную дзіцячую абласную больніцу ў Гомлі – сёлета ў жніўні яе прэзентавалі кіраўніку краіны. Вось толькі трапіць малому хвораму ў гэты «палац», размешчаны на вуліцы Жаркоўскага, не так проста. Як двухгадоваму дзіцяці гамяльчанкі Вольгі Цой, у якога ўначы паднялася тэмпература.

«Выклікалі хуткую, зрабілі ўкол, тэмпература не збілася, прынялі рашэнне везці ў больніцу на шпіталізацыю. Хуткая сказала, што Жаркоўскага не прымае, і яны ўсіх вязуць у інфекцыйную больніцу», – распавядае Вольга Цой, жыхарка Гомля.

У выніку дзіця з пачырванелым горлам і высокай тэмпературай паклалі ў адну палату з дарослымі.

«Таксама з намі ляжаць на паверсе лор-захворваннні, вятранка і менінгіт. Менінгіт увогуле смяротны. Гэта рызыка, паколькі імунітэт аслаблены, можна падхапіць усё што заўгодна», – дадае Вольга Цой.

Увогуле ж у інфекцыйнай больніцы не прадугледжаная шпіталізацыя дзяцей – няма нават педыятра. А клініка, дзе маюць лячыцца дзеткі, – дзіцячая больніца з новымі карпусамі, абсталяваннем і тысячным персаналам – пацыентаў не прымае.

У сакратарыяце абноўленай установы адказнасць за рашэнне, куды накіроўваць хворага, перакідаюць на дактароў. Тэлефануем у сакратарыят галоўнага доктара:

«Дактарам, напэўна, лепш відаць – ці гэта лор, ці інфекцыйнае. Ёсць жа загад упраўлення, з якімі паказаннямі шпіталізуюцца дзеці да нас, а з якімі туды».

Паводле сайту ўстановы, адначасова ў ёй могуць лячыцца 552 хворыя дзіцяці. Тут два інфекцыйныя аддзяленні. Чаму ж тады дзетак з тэмпературай вязуць у дарослую інфекцыйную больніцу?

«Мне бачыцца асноўная прычына ў тым, што ў Беларусі ўсё робіцца ў аўральным рэжыме, на паказуху, таму ўрачыста адкрылі, усё асвятлялі, але насамрэч аб‘ект пакуль што не гатовы, і патрэбны час, каб усё давесці да добрага стану», – тлумачыць праваабаронца Васіль Палякоў.

Тое, у якім стане новыя карпусы клінікі, відаць з аматарскіх здымкаў, якія трапілі да нас. Гамельчукі ж лічаць, што праблема не ў гэтай асобна ўзятай больніцы:

«У нас няма харошых спецыялістаў, дыягназы своечасова не ставяць, уся бяда ў гэтым».

«Усялякія працэдуры дарагія, не кожны можа дазволіць».

«Лекаў не хапае, месцаў не хапае, і лекараў не хапае».

Лукашэнка хацеў, каб будоўля дзіцячай больніцы ў Гомлі стала агульнанароднай. Але ці ў стане народ зрабіць тое, што мае рабіць дзяржава? Гомельская вобласць – апошняя ў краіне, дзе з’явілася сучасная шматпрофільная дзіцячая абласная больніца. Калі ж гэтая лякарня запрацуе напоўніцу – іншае пытанне.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu