Дзіця актывісткі вярнулі маці


Каля двухсот чалавек прыйшлі сёння да сацыяльна-педагагічнага цэнтру з прытулкам Фрунзенскага раёну, каб падтрымаць актывістку грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Алену Лазарчык, якая хацела забраць адтуль свайго шасцігадовага сына Арцёма.

Пазаўчора жанчыну затрымалі. Арцёма завезлі ў прытулак, калі пасля шостай гадзіны ніхто не забраў яго са школы. Старэйшыя сын і дачка распавялі, што са школы наконт брата не тэлефанавалі. Не вядома, ці ведаў пра стан рэчаў бацька.

«Я не ведала пра тое, што дзіця не забралі са школы, таму што заўсёды забірала мама, а гэтым разам і я працавала, і дзядулі з бабуляй не было дома, і вось такая сітуацыя адбылася», – паведамляе сястра Арцёма Марына Лазарчык.

Дачка Марына распавяла нам, што і з ёй у дзяцінстве былі праблемы, але, маўляў, падрабязнасцяў не памятае. У дачыненні сярэдняга сына Уладзімера Алену пазбавілі бацькоўскіх правоў. Жанчына сцвярджае, што адзіная прычына – яе актыўна грамадзянская пазіцыя.

«Ніякіх іншых повадаў няма. У мяне добрыя ўмовы, я працую. Я не п’ю, не палю, не боўтаюся, вяду нармальны лад жыцця», – распавядае маці Арцёма Алена Лазарчык.

Выданне «Минск-Новости» паведамляе, што ў жанчыны пяцёра дзяцей, з якіх у дачыненні чацвярых пазбаўлялі бацькоўскіх правоў. Алена гэта аспрэчвае. Кажа, што мае траіх дзяцей.

«Арцёма ніхто ў мамы не забіраў. Яго часова накіравалі ў дзіцячы прытулак, каб забяспечыць бяспечнае асяроддзе. Паколькі Лазарчык раней пазбаўлялася бацькоўскіх правоў, без дакументаў, якія растлумачваюць сітуацыю, якая склалася ў сям’і, проста аддаць ёй дзіця нельга. Гэта, у тым ліку, характарыстыкі з месца працы і ад участковага інспектара, і іншыя», – кажа дырэктар СПЦ з прытулкам Фрунзенскага раёну Марына Станкевіч.

Сябра каардынацыйнай рады Андрэй Маханько пацвердзіў нам, што пазбаўленне бацькоўскіх правоў – сапраўды індыкатар небяспекі.

«Мы разумеем, што гэтая мама мае пэўныя праблемы, але гэтыя праблемы павінны вырашацца падтрымкай, а не адабраннем дзіцяці ў прытулак», – лічыць заснавальнік сучаснай сістэмы абароны дзяцей ад гвалту Андрэй Маханько.

Палітычныя прычыны ў дзеяннях органаў апекі бачыць і большасць людзей вакол прытулку.

«Нас усіх хочуць запужаць. Толькі па палітычных матывах, толькі».

«Гэта 100 % палітычныя матывы».

«Я прыйшоў, па-першае, разабрацца, што адбылося, каб зразумець, ці адпавядае таму, што ў СМІ напісана».

Учора да Алены прыязджалі органы апекі, якія прэтэнзіяў да жыллёвых умоваў не мелі, але копію высновы не далі. Без яе забраць дзіця не ўдалося. Арцёма вярнулі маці толькі пасля дзвюх начэй у прытулку.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»