Дзікае паляванне на грамадзянаў


Сёння ў Менску адбыліся суды над грамадзянамі, якіх учора ў дварах мікрараёнаў Уручча, Новая Баравая і Захад брутальна і беспадстаўна атакавалі ўзброеныя людзі ў цывільнай вопратцы. Аказалася, гэта міліцыя прыехала спыніць незаконнае піццё гарбаты і затрымала больш за 20 чалавек. Сярод затрыманых ва Уруччы – айцішнік Арцём Шуканаў. Як і ўсіх іншых, чый пратакол накіравалі на дапрацоўку, Шуканава пакінулі за кратамі. На судзе аказалася, што калі ІТ-спецыяліста пасадзяць пад арышт, будзе сарваны замежны кантакт на суму 1 мільён еўраў.

Сустрэча з суседзямі за кубкам гарбаты для жыхароў вуліцы Ложынскай, што ва Уруччы, скончылася нечакана. На іх напалі ды затрымалі невядомыя ў масках.

Жыхары вуліцы Ложынскай кажуць:

«Наколькі я ведаю, проста пілі гарбату, быў тэрмас, была піца, яны проста сабраліся. А наколькі бачна збоку, гэта загадзя падрыхтаваная аперацыя – з усіх бакоў пабеглі, пачалі круціць. А за што?»

«Калі гэта такое пачынаецца, дык сядзі па кватэрах, нікуды не хадзі, хай прадукты носяць на дом, хай смецце выносяць».

Сваю версію таго, што адбылося, мае і Міністэрства ўнутраных справаў. Кажуць, што сілавікі адрэагавалі на, цытата, вакханалію ў двары.

«Ва Уруччы сабралася група людзей з незарэгістраванай сімволікай і зладзіла ў двары шумнае шэсце. Гуляючы пад гучную музыку і крыкі, свяцілі ў вокны дамоў ліхтарыкамі і лазерамі», – паведаміла МУС.

Міліцэйскія аблавы напярэдадні адбыліся ў трох менскіх мікрараёнах: Уручча, Новая Баравая і Захад. Агулам затрымалі 25 чалавек. Сярод іх – кіраўнік Асацыяцыі рэкламных арганізацыяў Валер Боднар. Сёння мужчыну пакаралі дзесяцідзённым арыштам. Штраф або содні атрымлівалі і іншыя затрыманыя. Працэсы ішлі ў судах Першамайскага і Фрунзенскага раёнаў. Абвінавачанне стандартнае: удзел у незаконнай акцыі.

Жыхары вуліцы Ложынскай кажуць:

«Была піца, была гарбата, не было ніякай сімволікі. Хтосьці абмяркоўваў, як Новы год правёў, якія планы куды паехаць. Ніякіх пратэставых акцыяў не было».

«Гэта сітуацыя проста выклікае буру абурэння, гневу. Людзі што, не могуць выйсці ў двор вечарам пагутарыць на нейкія пабочныя тэмы? Што мы, мусім па кватэрах сядзець, па норах?»

Загады біць і затрымліваць людзей у дварах аддаюць тыя самыя людзі, якія плануюць Усебеларускі сход, называючы яго народным. Гэтак учорашнія падзеі пракаментавала Святлана Ціханоўская.

«Той, хто дазваляе сабе біць беларуса, не мае ніякага права прэзентаваць ягоныя інтарэсы. Мы не перавернем ніякае старонкі пасля таго, як у родных раёнах нам пагражаюць зброяй. Мы будзем стаяць на сваім, пакуль не пабудуем тае краіны і ўлады, якой заслугоўваем», – сказана ў афіцыйным канале Ціханоўскай.

Трое ахвяраў учорашняга міліцэйскага палявання цяпер у шпіталі. Сярод іх – затрыманы ва Уруччы бізнес-аналітык Андрэй Кінаш, а таксама былы фігурант справы «Белага легіёну» Віктар Мароз, якога схапілі ў Новай Баравой. Жыхары мікрараёну пастанавілі падаць калектыўную заяву пра пагрозу зброяй і выкраданне людзей.

«Паляванне на людзей – гэта тая традыцыя беларускай улады, ад якой яна не збіраецца адмаўляцца, нягледзячы на абставіны. І калі зараз асноўная актыўнасць перайшла ў двары, улады не могуць яе ігнараваць, яны лічаць, што не павінны ігнараваць ніякія праявы публічнай актыўнасці», – гаворыць палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Стратэгія ўладаў не мае нічога новага. Усё тыя ж рэпрэсіі ды затрыманні – зазначае Віталь Цыганкоў. Розніцца толькі ўзровень гвалту. Але спыніць пратэсты рэпрэсіямі не ўдасца – упэўнены эксперт.

«Гэтая ў пэўным сэнсе паўза ў вялікіх пратэстах – адначасова паўза і збіранне сілаў, паколькі многія людзі ўжо разлічваюць на вясну: ці 25 сакавіка ці іншыя падзеі вясны», – кажа Цыганкоў.

Затрыманні, суды, арышты – пяць месяцаў запар пасля жнівеньскіх выбараў беларусам даводзіцца жыць у стрэсе. Наступствы могуць быць цяжкія: праблемы са здароўем, зніжэнне працоўнай прадукцыйнасці ды не толькі – папярэджвае псіхолаг Лілія Ахрэмчык.

«Гэта прыкладна тое самае, што перажывалі габрэі пасля Галакосту. Гэта найцяжэйшая нацыянальная траўма, якая будзе адгукацца на многіх пакаленнях. Гэта будзе страх: хтосьці будзе баяцца формы, хтосьці будзе баяцца праваахоўнікаў», – гаворыць Ахрэмчык.

У змаганні са стрэсам спецыялістка раіць не саромецца звяртацца да псіхолагаў, а таксама не заставацца на самоце, быць побач адно з адным і дзяліцца пачуццямі.

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Банер у падтрымку незалежных журналістаў