Дзевяціпавярховы жылы дом можа абрынуцца з-за пабудовы падземнага паркінгу


Літаральна за 6 метраў ад жылога дому будзе стаяць трохузроўневы падземны паркінг. Паркінг будуюць на прыдваровай тэрыторыі! Жыхары сцвярджаюць, што працы вядуцца незаконна, а сцены іхнага дому могуць абрынуцца ў любую хвіліну.

За сто метраў ад дому – чыгунка, за трыццаць метраў – будоўля 1-й кальцавой. Пад бокам – офісны шматпавярховік. Уласна пад яго і патрэбная паркоўка на 169 месцаў. Але аб’ект размесціцца ў санітарна-ахоўнай зоне жылога дому – тут нават не праедзе пажарная машына. Забудоўнік – акцыянернае таварыства «Лект».

«Самая вялікая непрыемнасць, што наш дом і яго прыдамавая тэрыторыя сталі прыдамавой тэрыторыяй ЗАТ «Лект», на якой ён ужо 10-ты год катуе нас сваймі будоўлямі. Ці вытрымае наш дом усе гэтыя будоўлі?» – кажа Тамара Спіжарная, жыхарка дому 4/2 вул. Розы Люксембург.

На эскізах будучы паркінг выглядае прыгожа, у той час падмурак жылога дому ад нагрузак літаральна сыплецца на вачах. Што ж будзе, калі пачнуць забіваць палі?

«Яго месцазнаходжанне – за 72 метры ад чыгункі. Мы ўвесь час пісалі, прасілі паставіць ахоўныя экраны, але Менгарвыканкам нам ва ўсім гэтым адмаўляў. Усе трыццаць гадоў наш дом стаіць на каналізацыі. Воды не выходзяць, смярдзіць у пад’ездах, шчыліна па доме з першага да дзявятага паверху. Дом трашчыць па швах», – абураецца Тамара Спіжарная.

Будаўніцтва паркінгу з жыхарамі праблемнага дому не абмяркоўвалі, няма ў іх і праектнай дакументацыі. Праўда, грамадзянам удалося прарвацца да старшыні райвыканкаму. Ім паабяцалі сустрэчу з прадстаўнікамі адказных інстанцыяў.

«Да правядзення гэтай сустрэчы будаўніцтва пад вашымі вокнамі не будзе!» – гаворыць старшыня Адміністрацыі Маскоўскага раёну Андрэй Жайловіч.

Спраўдзіць шчырасць чыноўніцкіх абяцанняў нескладана. Старшыня Адміністрацыі Маскоўскага раёну паабяцаў жыхарам, што працы весціся не будуць, але мы бачым, што на месцы працуюць рабочыя.

«А што сёння робіце на гэтай будоўлі?» – «Усталёўваем плот». – «То бок, вы сёння працуеце ўсёй брыгадай?» – «Так».

«А якую вам паставілі задачу?» – «Пакуль усталяваць плот. Каб пасля выконваць іншыя задачы, якія будуць пастаўленыя».

А задачы выконваюцца з дазволам уплывовых асобаў сталіцы. Маем адказы пракурора гораду Менску – за подпісам Хмарука, Менгарвыканкаму – з подпісам Рымашэўскага, галоўнага санітарнага доктара Менску – Гіндзюка, Камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва – Верамей. Жыльцы дому дайшлі да Адміністрацыі прэзідэнта, але на звароты зноў адказвае Менгарвыканкам. Гэта, свайго роду, дзяржава ў дзяржаве, тлумачыць Дзяніс Кобрусеў, «Генплан для Мінчан»:

«Менгарвыканкам сам прымае рашэнні аб распрацоўцы той ці іншай будаўнічай дакументацыі, дэталёвы план або іншы. Менгарвыканкам сам праводзіць грамадскія абмеркаванні. Усе іншыя органы: МНС, дзяржаўныя экалагічныя экспертызы – гэта толькі суправаджэнне. Бывае, ёсць заўвагі, іх выпраўляюць, бывае такое, што калі вельмі моцны лабізм, як у дадзеным выпадку, адзін чалавек, які зацікаўлены ў будаўніцтве і займае дзяржаўную пасаду, ён лабіюе свае інтарэсы, каб усё было пабудавана».

Жыхары вуліцы Розы Люксембург 10 гадоў супрацьстаялі будаўніцтву офіснага шматпавярховіку, але зазналі паразу. Будавала «свечку» кампанія «Лект» пад кіраўніцтвам Аляксандра Селязнёва. Пасля спадар Селязнёў змяніў пасаду. Сёння ён – адзін з кіраўнікоў Галоўдзяржбудэкспертызы, і менавіта ён падпісаў заключэнне на будаўніцтва паркінгу!

Чыноўнікі змяняюцца, а жыхарам праблемнага дому няма больш да каго звяртацца – яны прайшлі ўсе неабходныя інстанцыі. На месцы будучага паркінгу вядуцца падрыхтоўчыя работы.

Таццяна Уласенка, belsat.eu