Дзеці з барысаўскай вёскі мёрзнуць у школе і садку


«З нашага класу ніхто не ходзіць, усе пішуць: будзем удома. А так, здаецца, са 150 чалавек было 23»,– расказвае маці Мікіты Лізавета Сакалоўская.

З малодшымі дзецьмі – тая ж праблема. У сям’і Віталя і Вікторыі Стахурскіх – двое дзяцей. Але старэйшы сын не наведвае садок два тыдні.

«Таму што ў садку +5… +10. Апранайце дзяцей цяплей». Ну, што значыць апранайце дзяцей цяплей? Дзеці бегаюць, пацеюць». – «Выхавальніца кожную раніцу піша паведамленне ў «Вайбер». Вось, магу вам пракаментаваць. «Паважаныя бацькі, сёння ўвесь дзень наагул не было ацяплення», – дзеляцца Віталь і Вікторыя.

Халодна і ў кватэрах, якія ацяпляюцца ад той жа кацельні, што і сад са школаю. Мясцовыя звязваюць праблемы з ацяпленнем са зменаю кацельні. Яшчэ два гады таму цяпло ў вёску падавала старая кацельня, і праблем ніколі не ўзнікала. Замярзаць сады, школы і шматкватэрныя дамы сталі з увядзеннем новай кацельні. Кажуць, ёй не хапае магутнасці. За гэтыя праблемныя гады ва ўсіх шматкватэрных дамах вёскі зʼявілася цвіль.

«Вось глядзіце, што ў нас тут робіцца. У куце ўсё адыходзіць. Мы падклейваем, але яно ўсё роўна адыходзіць, таму што ўсё мокрае. І на падлозе там заўсёды лужына. І ў гэтым пакоі ў нас васьмімесячнае дзіця», – паказвае кут мясцовая жыхарка Ірына Сакалоўская.

Праблема з ацяпленнем абʼяднала мясцовых жыхароў, яны выйшлі на размову з журналістамі.

«Звярталіся ў райвыканкам наш, ва УП «Жыллё», у Менскі аблвыканкам. Усюды адзін адказ, адныя адпіскі. Мы просім растлумачыць, чаму такая розніца ацяплення. А яны пішуць: усе вам правільна налічана».

Пераразлікаў, кажуць жыхары, не было ні па вадзе, ні па ацяпленню. Аб праблеме Вялікай Ухалоды напісалі дзяржаўныя медыя. Паведамілі, праўда, што цяпло вярнулася яшчэ 18 студзеня.

«Тут напісаная няпраўда. Па-першае, пішуць, што ў нас 7 дамоў. У нас 9 вялікіх дамоў. Акрамя дамоў ёсць сад і школа. Па-другое, пішуць, што ў нас вугалем топіцца. У нас не топіцца вугалем!» – «Дранкай! Першапачаткова, калі прыехалі супрацоўнікі МНС, сказалі, што ідзе белы дым. Белы дым ідзе, таму што дранка сырая. Сырой дранкай немагчыма нічога прапаліць», – кажуць Віталь і Вікторыя Стахурскія.

Галоўны інжынер Барысаўскага ўнітарнага прадпрыемства «Жыллё» Дзмітрый Матусевіч запэўнівае, што кацельня працуе ў звычайным рэжыме, і здзіўляецца інфармацыі пра холад у кватэрах і школах.

«Ну, я не ведаю, значыць, уцяпляць школу трэба. Цяпер усе параметры выконваюцца. Усё ідзе. ГарАНА павінна за свае грошы праводзіць гэтыя працы».

І пакуль чыноўнікі вызначаюць, хто за што адказны, а дзяржаўныя СМІ рапартуюць пра пераадоленне праблемы, мясцовым застаецца спадзявацца толькі на цёплае надворʼе.

Алена Дубовік, Белсат