Дзеці з Бараўлянаў рызыкуюць жыццём, каб дабрацца да школы


Па завулку Фрунзенскім, што ў Бараўлянах, Наталля ездзіць максімальна асцярожна – ля праезнай часткі на ім няма ані ходнікаў, ані асвятлення. Між тым дзясяткі дзяцей штодня ходзяць завулкам, каб трапіць у сярэднюю школу № 2. Сваіх дзяцей Наталля баіцца адпускаць такім шляхам. Каб мець магчымасць вазіць іх у школу, яна нават змяніла працу.

«З кіраўніком атрымаўся канфлікт аб тым, чаму я на абед езджу на гадзіну, а не на паўгадзіны. А я ў гэтую гадзіну адно дзіця забіраю, другое – адвожу ў школу. І я сышла і перайшла ў таксі, каб у мяне быў вольны графік працы, каб я цэлы дзень магла спакойна дзяцей туды-сюды развозіць», – распавядае Наталля Далгушына.

У адказ на зварот грамадзянаў Дзяржаўтаінспекцыя правяла абследаванне

У выніку ў ДАІ прызналі, што на завулку Фрунзенскім не выконваюцца патрабаванні бяспекі дарожнага руху, ды выдала прадпісанне дарожнай арганізацыі выправіць сітуацыю. Выкананне працаў прызначанае на другі квартал года. Але, на жаль, завулак Фрунзенскі не адзінае небяспечнае месца Бараўлянаў. Па дарозе без тратуараў і ліхтароў ходзяць і вучні Бараўлянскай сярэдняй школы, якія жывуць у вёсцы Ляскоўка.

Паводле чальцоў мясцовага старастату, падобныя небяспечныя шляхі ўтварыліся з-за актыўнай забудовы Бараўлянаў масівамі жылых дамоў, у якіх амаль не ствараюць аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры. Урэшце, дзеці, напрыклад, з гэтых кварталаў аграгарадка Лясны вымушаныя пераадольваць штораніцы каля двух кіламетраў да школы.

«Тэрыторыі, участкі, якія былі прызначаны для школ і садкоў, забудавалі шматкватэрнымі жылымі дамамі, якія заселены жыхарамі і дзецьмі, якія таксама пазбаўлены крокавай дасягальнасці. І ўсе гэтыя дзеткі па гэтых складаных небяспечных маршрутах рухаюцца, напрыклад, у другую, напрыклад, школу», – тлумачыць вытокі праблемы Іван Вайтовіч, чалец старастату пасёлка Вопытны.

Цяпер на тэрыторыі Бараўлянаў будуецца толькі адна школа

Да яе пешкі змогуць дабрацца дзеці з вёскі Ляскоўка. Жыхарам усіх астатніх раёнаў, у тым ліку навабудаў Зялёны Бор і Аляксандраў парк, давядзецца па-ранейшаму вазіць сваіх дзяцей у школу ці адпускаць іх адных у небяспечнае падарожжа. У планах жа бараўлянскіх уладаў – узвядзенне яшчэ некалькіх кварталаў шматпавярховікаў.

Таццяна Белашова, «Белсат»