Дзень Волі ў замежжы


Таксама беларусы замежжа звярталіся да дэмакратычных краінаў больш рашуча рэагаваць на беззаконне, якое чыняць улады Беларусі.

У тыя хвіліны, калі сталічны АМАП зачышчаў удзельнікаў Дня Волі ў Менску, некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся ў сталіцы Польшчы каля помніку Тадэвушу Касцюшку.

Сябры Беларускага дому ў Варшаве пастанавілі стварыць банкаўскі рахунак, на які будуць збірацца грошы сем’ям арыштаваных і затрыманых.

На варшаўскай акцыі прысутнічала паліцыя, якая, у адрозненне ад беларускіх міліцыянтаў, сапраўды ахоўвала парадак і падчас акцыі, і ў часе шэсця.

Акцыя салідарнасці адбылася каля беларускай амбасады і ў Вільні. Яе зарганізавалі сябры літоўскага Сейму.

Таксама беларусы Вільні наведалі могілкі Росы, каб ушанаваць памяць дзеячаў беларускага руху пачатку дваццатага стагоддзя – братоў Луцкевічаў, Францішка Аляхновіча, Казіміра Сваяка.

Святкавалі і за акіянам. Беларусь – «так», Лукашэнка – «не» гучала каля беларускага дыпламатычнага прадстаўніцтва і ў Нью-Ёрку.

Акцыю ў Нью-Ёрку зарганізавалі беларусы Флорыды, да іх далучыліся суайчыннікі з Маямі, Філадэльфіі, Нью-Джэрзі.

Апроч таго, пікеты і перформансы адбыліся каля беларускіх дыпламатычных місіяў у Парыжы ды Пецярбурзе. Беларускаму надзвычайнаму і паўнамоцнаму амбасадару ў Францыі перадалі зварот супраць парушэння правоў чалавека, а ў паўночнай сталіцы Расеі Лукашэнку прапанавалі зʼехаць да іх, у Расею, пакуль не позна.

Наста Ільіна, belsat.eu