Дзень Волі ў рэгіёнах


Што праўда і там не абышлося без затрыманняў, у тым ліку і нашых калегаў. Тэму працягне Усевалад Шлыкаў.

Агулам некалькі тысяч чалавек на дазволеных мітынгах у Горадні і Берасці, ня менш – на несанкцыянаваных уладамі акцыях у Гомлі і Віцебску. На пачатку, падавалася, што ў адрозненні ад Менску акцыі пройдуць спакойна. Аднак ужо на мітынгу ў Гомлі самотны праваахоўнік у форме намагаўся затрымаць незалежную журналістку Ларысу Шчыракову, за яе заступіліся людзі. Улічваючы навіны са сталіцы, атмасферы свята не было. Гучалі толькі сацыяльныя і палітычныя патрабаванні

Ужо пасля акцыі былі затрыманыя двое яе ўдзельнікаў і два журналісты tut.by: фотакарэспандэнт Іван Ярывановіч і журналістка Алена Бычкова. Папярэджанне за супрацу з «Белсатам» атрымала фрылансерка Ларыса Шчыракова.

Шэсце ў Берасці, у якім удзельнічалі каля тысячы чалавек прайшло без затрыманняў. Настроі на Захадзе краіны не адрозніліся ад Гомельскіх.

Людзі падкрэслівалі, што ня вераць у сюжэты дзяржаўнага тэлебачання, дзе пужалі правакацыямі і баевікамі. Паводле кандыдата на прэзідэнты 2006 года Аляксандра Мілінкевіча, які сёння таксама быў у Берасці, улады самыя сябе заганяюць у небяспечную сітуацыю.

«Гэта абсалютная хлусня, няпраўда і гэта шкодзіць краіне, бо большасць людзей хоча спакойных і тут пра гэта казалася – мірных пераменаў. А ўлады гэтага не разумеюць і калі не адбудзецца дыялогу, хоць ён і будзе цяжкі, то мы можам прайграць краіну».

Улады актыўна рыхтаваліся і да недазволенай акцыі ў Віцебску. Аднак тэхніка не вытрымала – раніцай ля моста Блахіна загарэўся аўтазак. Ужо на самым мітынгу пэўная спроба дыялогу мясцовых уладаў з пратэстоўцамі мела месца. Дыялогу даволі аднабаковага

Пасля шэсця амапаўцы затрымалі нашых калегаў Вольгу Чайчыц і Сяргея Кавалёва, што вялі наўпроставую трансляцыю з месца падзеяў.

Адзіным абласным цэнтрам, дзе праваахоўнікі ў Дзень Волі ўстрымаліся ад затрыманняў стала Горадня. Удзельнікі былі незадаволеныя перадусім арганізацыяй акцыі і словамі галоўных аратараў – лідараў кампаніі «Гавары Праўду!»

Тым не менш каля некалькі сотняў гарадзенцаў патрабавалі таго ж, што і многія тысячы людзей па ўсёй краіне.

Уласна падобныя простыя думкі дзевяноста дзевяць гадоў таму прывялі да паўстання беларускай дзяржавы. І тады і сёння пераканаць у іхнай рацыі было надзвычай складана.

Усевалад Шлыкаў, belsat.eu