Дзень прафілактыкі меланомы – самай агрэсіўнай ракавай пухлінай скуры


У свеце травень праходзіць пад знакам барацьбы з меланомай – самай агрэсіўнай ракавай пухлінай скуры. Дзень прафілактыкі захворвання правялі і ў Беларусі: лекары зладзілі скрынінг меланомы. Ахвотных праверыць сваё здароўе не бракавала.

У рэспубліканскі дзень прафілактыкі меланомы ў скурна-венералагічных дыспансерах краіны адбылася акцыя прафілактыкі гэтай хваробы, ахвочыя змаглі прайсці першасны скрынінг.

«У інтэрнэце прачытала. У мяне ёсць пігментныя плямы, таму вырашыла праверыць».

«Доктара прайшлі, усе задаволеныя. Хварэць не будзем», – распавядаюць удзельнікі акцыі.

Вырашыў скарыстацца акцыяй і наш аператар, ён цяпер ведае: у яго меланомы няма. Летась у скрынінгу прынялі ўдзел 2459 чалавек, з іх 238 атрымалі накіраванне на кансультацыю анколага для ўдакладнення дыягназу, і ў 38 з іх выявілі меланому.

Аператар «Белсату» Алесь Сіліч:

«Такога дыспансеру, як скурна-венералагічны дыспансер, кожны мужчына баіцца як агню. Згадаў пра сваю радзімку, вось тут яна месціцца, часам я яе закранаю станком, калі галюся, і баюся, што можа нават нейкае пашкоджанне нанёс, даведаўся тут у шпіталі, што наступствы могуць быць самыя сур’ёзныя».

Меланома – від раку скуры. Яна небяспечная з-за высокай рызыкі развіцця метастазаў. Часцей хварэюць людзі са светлай скурай і валасамі, блакітнымі ды шэрымі вачыма. У большасці выпадкаў ім 40-45 гадоў, аднак апошнім часам усё часцей захворванне сустракаецца ў людзей ад 20 да 30. Летась анколагі выявілі каля тысячы новых выпадкаў хваробы.

Аляксандр Жукавец, Беларуская медычная акадэмія паслядыпломнай адукацыі:

«Меланома не ўваходзіць у нас у 10 найбольш частых пухлін. Калі казаць аб суадносінах захварэлых і памерлых, крытэр, які дазваляе ацаніць і дыягностыку, і якасць дыягностыкі, і вынікі лячэння, і падрыхтоўку насельніцтва, то для меланомы ён складае прыблізна 27 %».

Загар у салярыі, празмернае перабыванне на сонцы ў дзяцінстве і сонечныя апёкі павышаюць рызыку развіцця меланомы. Каб яе зменшыць, трэба рэгулярна аглядаць скуру, абараняць яе ад уздзеяння ўльтрафіялетавага выпраменьвання.

Аляксандр Лук’янаў, РНПЦ анкалогіі імя Аляксандрава:

«Абсалютна даказаны факт, асобы, якія мелі хаця б аднаразовае апаленне да перыяду пубертату, да 14-15 гадоў, гэта асобы пад пагрозай у плане наступнага развіцця меланомы».

Калі ж вы заўважылі зʼяўленне плямаў на скуры, змяненне іх памеру або формы, неабходна неадкладна звярнуцца да спецыяліста.

Сонца ўздымае настрой, але можа стаць і прычынаю хваробы, таму не забывайцеся выкарыстоўваць ахоўны крэм для скуры з фактарам абароны не менш за 15, ды наносьце яго зноў кожныя 40 хвілінаў.

Вольга Чайчыц, belsat.eu