Дзень Пагоні і нашага сцягу


Роўна 29 гадоў таму Вярхоўны Савет Беларусі прызнаў герб Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг нашымі дзяржаўнымі сімваламі. Праз 4 гады дзяржаўныя сімвалы сталі незарэгістраванай сімволікай і нагодай да рэпрэсіяў.

Сёння бел-чырвона-белы сцяг без усялякае дзяржаўнае прапаганды стаў сімвалам мірнага пратэсту. Ім упрыгожваюць кватэры і пад’езды, двары і вуліцы. Дзяржаўнай нацыянальная сімволіка стала пры Вярхоўным Савеце 12-га склікання. Пад гэтымі колерамі даваў сваю першую прысягу і Аляксандр Лукашэнка, згадвае дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІІ склікання Алег Трусаў:

«Тады гэта сімволіка была афіцыйнай, дзяржаўнай, і калі яго абралі прэзідэнтам, ён мусіў паважаць сімволіку, на фоне якой і стаў прэзідэнтам. Выбару ў яго не было».

Але ўжо на другі год прэзідэнцтва Лукашэнка правёў рэферэндум між іншага аб змене дзяржаўных сімвалаў. Сцяг знялі з Дому ўраду і разадралі.

Змагаюцца са сцягамі і сёння: здымаюць з балконаў, замалёўваюць, вырываюць з рук на маршах. А дзяржпрапаганда, як і ў канцы 90-х гадоў, прыраўноўвае бел-чырвона-белы сцяг да нацысцкай сімволікі.

«Яны дасталі старыя канспекты. Але цяпер 2020 год, і той прапаганды, якая была ў савецкіх школах у незалежнай Беларусі, проста няма. Больш за тое, ёсць інтэрнэт, і кожны, хто хоча, можа пачытаць гісторыю сцяга і гербу», кажа Алег Трусаў.

Чырвона-белымі колерамі запоўніліся вуліцы пасля выбараў 9-га жніўня.

Паводле кандыдата гістарычных навук Алега Дзярновіча, людзі самі вырашылі вярнуць нацыянальную сімволіку:

«Фактычна адбыўся грамадскі плебісцыт. Гэтую сімволіку немагчыма вытравіць. І шлях забароны, і тым больш нейкі рэпрэсіўны шлях, я мяркую, самы малаплённы, і ён толькі прывядзе да ўзмацнення сімвалічных канатацый».

Улады працягваюць адносіць нацыянальную сімволіку да незаконнай. З учорашняга дня мабільныя аператары рассылаюць sms-паведамленні з просьбай паведамляць у міліцыю аб выкарыстанні незарэгістраванай сімволікі. Паводле адмыслоўцаў – сам панятак незарэгістраванай сімволікі ў заканадаўстве не вызначаны. Аднак ні пагрозы, ні пакаранні не замінаюць беларускім вуліцам убірацца ў нацыянальныя колеры.

Алена Дубовік, «Белсат»