Дзень, калі самаход варта пакінуць дома


Дваццаць год стала па ўсім свеце 22 верасня праходзіць дзень без самаходу. Пра карыснасць акцыі для навакольнага асяроддзя распавядзе ў сваім матэрыяле Мікола Дзямідаў.

Перасесці з машыны на ровар альбо скарыстацца грамадскім транспартам. Сёння свет адзначае Дзень без аўтамабіля. Беларусь упершыню паўдзельнічала ў гэтай экалагічнай кампаніі 12 гадоў таму. Ідэя ж даваць разгрузку навакольнаму асяроддзю ад выхлапных газаў хоць раз на год нарадзілася ў 1973 годзе, падчас нафтавага крызісу. Старшыня грамадскай арганізацыі «Экаманіторынг» Яўген Філімонаў зазначае:

«У гэты дзень па ўсім свеце каля 150 мільёнаў людзей – удзельнікаў акцыі адмаўляюцца ад перасоўвання на аўтамабільным транспарце. Хтосьці выбірае грамадскі транспарт, хтосьці, як я, – ровар. І практычная карысць вельмі вялікая для ўсяго свету».

У многіх краінах, у тым ліку і ў нашай, сёння аўтаўладальнікі могуць скарыстацца грамадскім транспартам бясплатна. Для гэтага пры сабе дастаткова мець правы кіроўцы і тэхпашпарт на аўтамабіль ды паказаць гэтыя дакументы кантралёру. Перасоўвацца ж у гэты дзень без шкоды для навакольнага асяроддзя можна і іншымі спосабамі. Так і зрабіў гарадзенец Канстанцін Хробак, які паехаў у гэты дзень на працу роварам:

«Я вырашыў падтрымаць, таму што мяне хвалююць праблемы экалогіі нашай планеты, і кожны павінен унесці хоць маленькую лепту ў захаванне прыроды. Кожны чалавек, які сёння і не толькі сёння адмовіцца ад асабістага транспарту, падтрымлівае гэты рух».

Мы запыталіся ў гарадзенцаў, чым такая акцыя можа быць карыснаю і як яшчэ можна падтрымаць чысціню навакольнага асяроддзя:

«Можна і не адзін дзень адмовіцца ад машыны, можна проста хадзіць пехам для здароўя» – зазначае жанчына, яшчэ адна міначка дапаўняе: «Будзем ачышчаць прыроду нашую ад выхлапных газаў».

А іх тэзы падтрымліваюць яшчэ два гарадзенцы:

«Экалогіяй, экалогіяй і здароўем для чалавека», «Кожныя выходныя хадзіць пешшу, каб было менш загазаванасці, я лічу, што так слушна». – рэзюмуюць мужчыны.

Сёння да Міжнароднага дня без аўтамабіля далучылася больш за паўтары тысячы гарадоў па ўсім свеце.

Мікола Дзямідаў, «Белсат»