Дзеля параду Лукашэнка ахвяруе беларусамі


Параду – быць! Гэтак пастанавіў кіраўнік дзяржавы, нягледзячы на пандэмію каронавіруса і прапанаваныя шэсцьдзесят мільёнаў еўраў дапамогі, калі яго адменяць.

Падрыхтоўка да 9 траўня распачалася яшчэ некалькі тыдняў таму, і пра перанос свята гаворкі быць не можа. Таксама 8 траўня да 75-годдзя Перамогі запланаванае мерапрыемства ў крыпце святыні-помніка ў гонар усіх святых у Менску з закладаннем капсулы з зямлёй з розных гарадоў-герояў.

Кіраўнік дзяржавы зазначае: «Трэба памятаць, што ўсе тыя людзі паміралі, магчыма, і ад вірусаў, магчыма, і ад іншых хваробаў, але яны гэтага не адчувалі і пра гэта не думалі. І паміралі яны дзеля нас».

Лукашэнка ўпэўнены, што парад – гэта не самая небяспечная падзея з гледзішча эпідэміёлагаў і вірусолагаў, але зазначае, што цягнуць на свята ніхто нікога не будзе.

Грамадзяне ж па-свойму адрэагавалі на гэтыя абяцанні: пляцоўка «Зручны горад» запусціла петыцыю супраць правядзення параду, якая сабрала на гэты момант 7305 электронных подпісаў, а актывісты руху «За Свабоду» яшчэ чатырнаццатага красавіка адправілі ў Савет Міністраў, Палату прадстаўнікоў і Адміністрацыю прэзідэнта сваю петыцыю з дзвюма з паловаю тысячамі подпісаў.

«Не ведаю, у чым сэнс. Калі параду не будзе, гэта не значыць, што мы не адчуваем павагу да ветэранаў».

«Я ўжо не ў тым узросце. Мне трэба асцерагацца».

«Трэба ўзяць прыклад з Расеі. Няхай парад будзе ў паветры, каб меней людзей збіралася і меней людзей захварэла», – разважаюць менчукі пра парад.

Адзінае вядомае на гэты момант адрозненне параду часу пандэміі ад звычайнага – меншы лік баявой тэхнікі. Гэтак, з гусенічных машынаў па горадзе пройдуць толькі танкі. Кошт вайсковага параду, які ў нашай краіне звычайна праходзіць на Дзень незалежнасці, не раскрываецца. У свой час партал «Naviny.by» падлічыў, што гэтая ўрачыстасць каштуе прыкладна два мільёны і трыста тысяч долараў. За гэтыя грошы можна набыць, да прыкладу, каля сотні апаратаў штучнае вентыляцыі лёгкіх.

Марыя Арцыбашава belsat.eu