Аб'ектыў 11.04.2019 Дзеля метро ў Менску збіраюцца руйнаваць дамы і высяляць людзей


Добра, калі побач з домам з’яўляецца станцыя метро. Але ў Беларусі машыны «Метрабуду» могуць зруйнаваць і дом, і ўвесь лад жыцця. Бо і працы, і перасяленні адбываюцца непразрыста і не заўжды з улікам права ўласнасці жыхароў. Што будзе з Сельгаспасёлкам у Менску, распавядзе Ірына Дарафейчук.

Ад надзеі да адчаю: на такіх арэлях гайдае дзяржава жыхароў шматпакутнага прыватнага сектару ў Менску, які называюць Сельгаспасёлкам. Яшчэ ў пачатку года сталічныя ўлады далі надзею жыхарам сядзібаў, якія ўжо шмат разоў планавалі знесці.

«Літаральна месяц таму я чытала ў інтэрнэце гутарку са старшынём менскага выканкаму, які сказаў, што Сельгаспасёлак трэба пакінуць у спакоі, трэба пакінуць людзей, каб жылі, як жылі ўвесь час», – кажа Настасся Мацяш, жыхарка Сельгаспасёлку.

Але, як высветлілася, у спакоі не пакідаюць. У сакавіку жыхары прыватных дамоў пачалі атрымліваць афіцыйныя паведамленні пра тое, што іх зносяць.

Рашэнне Менгарвыканкаму № 697:

«У сувязі з будучым выманнем зямельных участкаў для дзяржаўных патрэбаў з мэтаю зрэалізаваць генеральны план гораду Менску і неабходнасцю зрэалізаваць праект будоўлі абʼекту «Другі ўчастак трэцяй лініі Менскага метрапалітэну».

Замест дамоў, што плануюць знесці, улады прапаноўваюць жыхарам два варыянты: грашовую кампенсацыю або жылплошчу з разліку 15 квадратных метраў на чалавека.

«Як яны прапаноўваюць 500 долараў за метр? Нават кватэру немагчыма купіць аднапакаёвую за гэтыя грошы, што яны прапаноўваюць».

«Гэта самыя танныя кватэры на ўскрайку Менску, а ў нас адна з цэнтральных вуліцаў Менску», – распавядаюць жыхары Сельгаспасёлку.

Улады не паведамляюць людзям, якія прывыклі жыць на зямлі, што магчымыя і іншыя варыянты.

«Калі ёсць абʼектыўная магчымасць, няма дакладных крытэрыяў – на меркаванне ўладаў, яшчэ два дадатковыя варыянты – гэта перанос і аднаўленне дому ці будоўля новага дому», – тлумачыць юрыст Аляксандр Жук.

Уласна стаўленне ўладаў найбольш і абурае людзей, якім ніхто нічога не тлумачыць, адзначаюць жыхары.

«Нічога не зразумела, усё дзіўна, ні каментара ніякага атрымаць, нікуды ні дазваніцца, штосьці даведацца немагчыма, больш за тое, няма канкрэтыкі наконт тэрмінаў», – жыхар Сельгаспасёлку.

Мы таксама цягам дня не здолелі дазваніцца да кіраўніка арганізацыі, якая і будзе зносіць дамы, – да дырэкцыі будоўлі метрапалітэну. Меркаванні жыхароў Сельгаспасёлку пра тое, ці патрэбнае ўвогуле тут метро:

«Тым, хто застанецца, каго не знясуць, напэўна гэта зручна».

«Метро тут абсалютна нікому не патрэбнае».

…але свае дамы шкадуюць усе.

«Ну, канечне, не згодны, каб дом пайшоў пад знос».

«Мне шкада яго зносіць, гэта татаў дом, мы там нарадзіліся з сястрою, мы там удваіх жывём».

Змаганне жыхары Сельгаспасёлку лічаць бессэнсоўным. Настасся Мацяш:

«Так, можна змагацца і адтэрмінаваць, але ўсё адно горад сваё забярэ. Не сваё, горад маё забярэ, вось у чым штука».

Што забярэ – сумневаў няма, але ці кампенсуе годна – на гэта ў Сельгаспасёлку мала хто спадзяецца.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары