Дзе паслухаць салаўя?


На двары травень, а значыць, па ўсёй Беларусі пачынаюць спяваць салаўі. Такім чынам самцы заклікаюць самак стварыць сям’ю. А людзям часам варта пайсці на прыроду, выключыць усе гаджэты і дэвайсы і паслухаць, як праз птушак спявае сама прырода. Але спачатку можна знайсці салаўінае месца з дапамогай інтэрактыўнай мапы.

Штогод напрыканцы вясны грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» стварае інтерактыўную салаўіную мапу Беларусі. Людзі самі пазначаюць месцы, дзе чулі гэту пеўчую птушку. Згодна з мапай менчукі найчасцей чулі салаўя ў Лошыцкім парку. Дык хадземце паслухаем звычайную птушку з надзвычайным голасам.

«Песня ў салаўя вельмі спецыльная, яна па-першае вельмі гучная, самая гучная з усіх нашых птушак. У розных птушак з розных раёнаў яна складаецца з розных элементаў і гэтыя элементы могуць у рознай паслядоўнасці быць», – кажа кіраўнік ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі.

Добра вылучальныя элементы салаўінае песні называюць каленамі. Спеў складаецца з самых розных каленаў – высвістаў, трэскатні, ці працяглых трэляў.

«Вядома каля 10 асноўных каленаў, якія амаль у ва ўсіх сутракаюцца – гэта пульканне, раскат, лешына, дудка, гусачок, пералёт зязюлі. У нашых салаўёў з Чэрвеньшчыны, я чуў цікавы элемент ёсць «хорк-хорк«, як у слонкі (у вальдшнепа) і больш ні ў інтэрнеце я не знайшоў, ні ў беларускіх іншых салаўёў такога няма», – расказвае Аляксандр.

Салаўі пачынаюць актыўна спяваць пасля восьмай вечара і могуць працягваць усю ноч. Гэтую птушку можна пачуць ледзь не на кожным узлеску ля ракі. А людзям гарадскім застаецца шукаць гэтае музыкі у парках. Працягне спяваць салавей да канца чэрвеня.

Наста Кахановіч, «Белсат»