Дзе паркавацца, каб не ўлупілі штраф?


Дзяржаўтаінспекцыя прапанавала кіроўцам праграму, каб знайсці бліжэйшую паркоўку. Ці знойдзецца на ёй вольнае месца — вялікае пытанне. Але ўжо з’явіліся народныя лічбавыя метады барацьбы з незаконнай паркоўкай. Часам гэта выклікае фізічныя канфлікты.

Ні прайсці, ні праехаць! У Менску кіроўцы наракаюць, што няма парковачных месцаў, а пешаходы – што і на газонах, і на ходніках стаяць аўтамабілі. Што рабіць?

Летась менчукі стварылі каля дзясятка петыцыяў з патрабаваннямі ліквідаваць стыхійныя паркоўкі, а таксама больш жорстка караць парушальнікаў. Айцішнік Андрэй Дзяйнека пайшоў далей. Стварыў тэлеграм-бот, які дазваляе дасылаць інфармацыю пра парушэнні беспасярэдне ў ДАІ. Адразу з месца.

«Прыблізна год таму ў канале #Матолькадапамажы я пабачыў інструкцыю для звароту ў ДАІ пры няправільнай паркоўцы. Яна складалася з некалькіх пунктаў, і мне падалося, можна яе няблага аўтаматызаваць», – распавядае распрацоўнік тэлеграм-бота «Паркун» Андрэй Дзяйнека.

Дастаткова сфатаграфаваць аўтамабіль і праз спецыяльную форму ў дадатку «Тэлеграм» пазначыць нумарны знак, месца і час. Галоўнае, правільна зафіксаваць парушэнне, лепш з некалькіх ракурсаў.

«У бота ёсць канал, і ў яго за няпоўны год даслалі каля 9 тысячаў парушэнняў. У ДАІ з іх трапіла дзесьці, я думаю, каля 8 тысячаў ці крыху менш»,- прыгадвае айцішнік.

У выніку ўладальнікі аўтамабіляў мусяць атрымаць штраф. Паводле Андрэя, часам гэта выклікае агрэсіўную рэакцыю парушальнікаў. Гарадскія актывісты ў чатах «Тэлеграму» распавядаюць пра фізічныя сутычкі ды пагрозы жыццю і здароўю, але на камеру распавядаць баяцца.

А вось, што кажуць жыхары Менску:

«Каля дамоў няма дзе стаць. Тым больш на працоўным аўтамабілі. Нават на пешаходным пераходзе ўжо ставіш машыну, бо па працы ездзіш».

«Калі я прыязджаю апошні, вось мой двор, – мне паставіць машыну няма дзе».

«Прыязджаюць людзі ў Парк Горкага, як правіла, улетку. Яны прыязджаюць з дзецьмі. Вядома, машыны ставіць няма куды, яны ставяць у дварах. І тут, калі, напрыклад, трэба будзе пад’ехаць машынам разгрузіць тавар ці, напрыклад, хуткая падʼязджае – у нас усё загружанае тут».

Асабліва цяжка ў запханых машынамі дварах кіроўцам камунальных службаў або пажарных і хуткай дапамогі. Яны могуць нават не паспець на выклік.

«Мне як на хуткай дапамозе працаваць, дык зусім немагчыма дзесьці падʼехаць, напраўду кажучы, у дварах. Вось падʼехаў у сваю паліклініку, я не магу стаць нармальна», – кажа кіроўца хуткай Іван Паўлючэнка.

Чаму менчукі вядуць ціхія войны за паркоўкі?

«Расце ўзровень аўтамабілізацыі. І гэта стандартная праблема для Усходняй Еўропы. Яна расце і ў Вільні, яна расце ў Менску, яна расце ў Маскве, у Кіеве, у Варшаве і гэтак далей. Але чаму ў Менску гэта становіцца найбольш актуальна, з часам гэта тое, што адпаведна з ростам аўтамабілізацыі не развязваюцца іншыя пытанні, злучаныя з транспартаваю інфраструктурай», – зазначае дырэктар бюро «Урбаністычных Рашэнняў» Андрэй Карпека.

Рашэнне ўрбаністы бачаць у развіцці якаснага і хуткаснага наземнага транспарту з разумнаю цанавою палітыкай за праезд, роварнай інфраструктуры і платных парковак з гібкаю сістэмай усталявання коштаў. Пры такіх умовах ўласны аўтамабіль будзе папросту не патрэбны.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»