Дзе і як святкуюць Раство


Раство паводле юліянскага календару адзначаюць сёння ў шмат якіх кутках свету, і ў кожнай краіне – свае асаблівасці. І шмат дзе праз каронавірус з‘явіліся новаўвядзенні.

Віфлеем. Горад, вядомы як месца нараджэння Ісуса. Звычайна тут збіраюцца тысячы турыстаў і вернікаў з усяго свету. Сёлета ж з-за каронавірусных абмежаванняў галоўную плошчу не пазнаць. Патрыярх Ерусалімскі Феафіл III узначаліў святочную імшу ў закрытай царкве без натоўпу вернікаў.

«Шчаслівага і здаровага года ўсім людзям у свеце з гораду Віфлеему! Мы спадзяемся, што гэты год будзе добрым, поўным радасці, шчасця і захавае нас ад хваробаў», – жадае жыхарка Віфлеему (Ізраіль) Ікрам Ёха.

Падобныя абмежаванні і ў Егіпце: копцкім праваслаўным хрысціянам забаранілі наведваць імшу ў саборах праз захады ў барацьбе з каронавірусам. Царква адмяніла ўрачыстасці і дазволіла абмежаванай колькасці святароў праводзіць богаслужэнні. Кіраўнік егіпецкіх копцкіх праваслаўных хрысціянаў, Папа Тавадрас II, адслужыў імшу ў манастыры Анба Бішй у пустыннай даліне.

У Расеі, выглядае на тое, што праваслаўныя вернікі падчас набажэнстваў забыліся пра пандэмію і масава збіраліся ля цэркваў.

«Я не баялася, таму што ёсць Бог. Ён усіх беражэ. Я веру ў Бога. Я веру ў тое, што мы з ім, і мы – ягоныя дзеці», – дзеліцца жыхарка Санкт-Пецярбургу (Расея).

«Каб цалкам перамагчы гэтую хваробу, нам трэба працягваць выконваць усе прадпісанні санітарных і медычных органаў. Мы павінны быць асцярожныя, але ў той жа час мы павінны памятаць, што і гэтае выпрабаванне (такое не лёгкае для нашага народу) пройдзе», – упэўнены Патрыярх Маскоўскі Кірыл.

У сербскім Бялградзе ў храме Святога Савы сабраліся вернікі на абрад «Бадняк» – спальванне каляднага палена.

«Раство ўвасабляе і дае нам надзею на лепшае заўтра. Калі сем’і збіраюцца разам, яны даруюць і забываюць усё дрэннае, што здарылася, і спадзяюцца на лепшае ў будучыні», – кажа жыхар Белграду Златка Мілошэвіч.

Алена з Палтавы святочныя стравы на калядную вячэру гатуе паводле бабулінага рэцэпту. Згодна з традыцыяй, у гэты вечар на стале павінна быць 12 посных страваў. Галоўная з іх – куцця і ўзвар з сухафруктаў. Гатовую куццю кладуць побач з Дыдухам – кампазіцыяй з пшанічнай саломы – якая сімвалізуе багацце. Са зʼяўленнем першай зоркі ўся сямʼя мае сабрацца за сталом.

«Сэнс у тым, каб за сталом сабралася ўся сямʼя, каб убачыць кожнага, пагаварыць з кожным. Як ты перажыў год, пажадаць усім на наступны год пражыць яшчэ лепш, у багацці, у дабрыні і міры, любові, гармоніі ды згодзе з сабой і сямʼёй», – расказвае жыхарка Палтавы (Украіна) Алена Шчэрбан.

З Ватыкану Папа Рымскі Францішак паслаў свае добрыя зычэнні ды памаліўся за ўсіх, хто сёння адзначае Раство:

«Ім я перадаю свае самыя сардэчныя пажаданні Святога Нараджэння ў святле Хрыста, нашага міру і надзеі».

Паводле традыцыяў, святкуючы Каляды, трэба думаць толькі пра добрае і забыцца пра ўсё дрэннае, а яшчэ папрасіць прабачэння ва ўсіх, каго вольна ці мімаволі пакрыўдзіў.

Каця Малей, «Белсат»

Банер у падтрымку незалежных журналістаў