Дзе і як сустрэлі Новы год?


Некаторыя краіны ўжо сустрэлі 2021, некаторыя рыхтуюцца. Як і Беларусь. У нас развітаюцца са старым і прывітаюць новы год праз ужо няпоўныя тры гадзіны. А як сустрэлі свята тыя, хто ўжо жыве ў наступным годзе?

Лазерным шоу ды феерверкамі – гэтак адной з першых на планеце новы год сустрэла Новая Зеландыя. Галоўны феерверк краіны – традыцыйна на трохсотметровай тэлевежы «Скай Таўэр».

У Менску быў яшчэ поўдзень, а свята новага года ўжо сустракалі жыхары ды госці акіянскіх выспаў Самоа і Кірыбаці.

Праз паўгадзіны апошнія секунды да штогадовага грандыёзнага феерверку адлічвала ўжо Аўстралія.

Сёлета падчас пандэміі пабачыць салют на Гарбар Брыдж з набярэжнай змаглі толькі тыя, хто блізка жыве, таксама наведнікі рэстаранаў і гатэляў. Астатнія – онлайн.

Ударамі гонга адлічвалі наступленне новага года ў японскім Токіа. Губернатар гораду, занепакоены рэкорднай колькасцю хворых, заклІкаў людзей застацца дома. Таму традыцыйная цырымонія атрымалася не шматлюдная.

У Ган-Конгу свята адзначалі яскравым шоў.

Гэтак, вялізная частка жыхароў Зямлі ўжо жыве ў наступным годзе. У Беларусь дзве тысячы дваццаць першы завітае праз тры гадзіны, а пасля пойдзе на Захад.

Надзея Бельская, «Белсат»