Дзе Ганчар і Красоўскі? Менчукам нагадалі, як улады распраўляліся з апанентамі


«20 гадоў – мы памятаем». Пікет з такою назвай у цэнтры сталіцы нагадваў сёння менчукам, як 2 дзесяцігоддзі таму ўлады распраўляліся са сваймі апанентамі. Улады з таго часу не змяніліся, як і не змянілася тое, што мы надалей не маем інфармацыі пра лёс зніклых: палітыка Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага.

Акцыю «20 гадоў – мы памятаем» актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі правялі ў межах збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў: Віктар Ганчар быў сябрам палітычнай рады АГП.

«Мэта нашага пікету дамагчыся ад уладаў раскрыцця праўды пра выкладзеных і забітых людзей», – кажа старшыня АГП Мікалай Казлоў.

Паводле ўдзельнікаў, мэтай акцыі было таксама запатрабаваць ад уладаў гарантыяў бяспекі для ўсіх грамадзянаў краіны.

Увечары 16 верасня 1999 года з гэтага будынку выйшлі палітык Віктар Ганчар і бізнесовец Анатоль Красоўскі. Тады іх бачылі апошні раз: у двары людзі зніклі пры невядомых абставінах, і ўжо 20 гадоў іхны лёс застаецца невядомы. Ужо ранкам наступнага дня на месцы здарэння былі паплечнікі ды сябры Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

«За лазняй мы заўважылі сляды тармажэння машыны, разбітыя фары, кроў, зламанае дрэва. Было бачна, што машыну Красоўскага перапыніла іншая машына – былі сколы і збіты бардзюр. І мы адназначна зразумелі, што менавіта ў гэтым месцы яны зніклі. Сярод нас быў хтосьці з экспертаў, і яны казалі, што аскепкі фараў былі ад джыпа Красоўскага», – распавядае старшыня праваабарончай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак.

16 верасня 2019 года. Акцыя памяці зніклых палітыкаў у цэнтры Менску. Фота – Ірына Арахоўская / «Белсат»

Віктар Ганчар быў віцэ-старшынём ураду, старшынём Цэнтральнай выбарчай камісіі. Ён рыхтаваў альтэрнатыўныя выбары прэзідэнта Беларусі ды знік напярэдадні свайго выступу ў Вярхоўным Савеце. Анатоль Красоўскі – бізнесовец, які фінансава падтрымліваў палітычную дзейнасць, у тым ліку – свайго сябра і паплечніка Віктара Ганчара.

«Калі называць рэчы сваймі імёнамі, то гэта было палітычнае забойства. Гэта ніякае не знікненне, пра якое любяць казаць наверсе і нават медыі. Яны не зніклі, а скрадзеныя і забітыя за сваю палітычную дзейнасць. І 20 гадоў – гэта нагода сказаць пра гэта вельмі ясна. Ганчар рыхтаваў другі імпічмент Лукашэнку – народны. Ён зарганізаваў дзейнасць вялікай групы юрыстаў. Ён падрыхтаваў справаздачу аб парушэнні Лукашэнкам Канстытуцыі і дзейнага заканадаўства», – кажа дэпутат Вярхоўнага савету 12 і 13 склікання Анатоль Лябедзька.

У 2002 годзе суд прызнаў Віктара Ганчара зніклым без вестак, а неўзабаве пракуратура прыпыніла расследаванне справы Ганчара і Красоўскага.

16 верасня 2019 года. Акцыя памяці зніклых палітыкаў у цэнтры Менску. Фота – Ірына Арахоўская / «Белсат»

Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы ў 2004-ым прыняла рэзалюцыю, у якой запатрабавала ад уладаў Беларусі правесці незалежнае расследаванне ў справе зніклых. Шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў таксама быў забаронены ўезд у краіны Еўразвязу і ЗША з прычыны падазрэння ў іх дачыненні да выкраданняў апазіцыянераў.

«Праўда была адкрытая яшчэ ў 2001 годзе, калі Петрушкевіч, Алкаеў, Лявонаў, Угляніца, следчыя заявілі, як гэта ўсё адбывалася, хто да гэтага датычны. Мы ведаем, адносна каго ўведзеныя санкцыі – адносна двух былых міністраў МУС Навумава і Сівакова, сакратара Савету бяспекі Шэймана, прадстаўніка спецслужбаў Паўлічэнкі. Зразумела, што справа даўно раскрытая, зразумелы і механізм, і хто гэта рабіў. Увесь упор у Аляксандра Лукашэнку, які робіць выгляд, што нічога не адбываецца ў гэтай справе», – кажа Алег Воўчак.

Як і ў справах Юрыя Захаранкі і Дзмітрыя Завадскага. Усе яны не маюць тэрміну даўніны, кажуць праваабаронцы, паплечнікі і сябры зніклых.

Галіна Абакунчык belsat.eu