Дзе адпачыць без каранціну?


Беларусы едуць адпачываць за мяжу. Куды можна паехаць? Якія супрацьпандэмійныя меры прымаюцца ў турыстычных краінах і ці варта ўспрымаць усур’ёз словы Лукашэнкі пра 10-дзённы каранцін. Падрабязней Мікола Дзямідаў.Другі месяц лета вось-вось скончыцца, а магчымасць адпачыць за мяжою ў беларусаў з’явілася адносна нядаўна. Асноўныя турыстычныя кірункі – Турцыя, Егіпет, Чарнагорыя ды Албанія. Пуцёўка на чалавека каштуе каля 450 долараў. Але як быць з каранцінам?

«Усе чатыры краіны, якія адкрытыя, – усе бескаранцінныя, і там бескаранцінныя, і па вяртанні. Па вяртанні ўжо даволі вялікі спіс краін, пасля якіх не патрабуецца каранцін у Беларусі» – зазначае дырэктарка гарадзенскай турыстычнай фірмы «Дон Кіхот» Святлана Якімава.

Беларусаў жа цікавяць туры не толькі ў вышэй згаданыя краіны, кажа адмыслоўца.

Дырэктарка турфірмы працягвае: «Многія тэлефануюць і чакаюць, пакуль адкрыецца Еўразвяз, напрыклад: «Я хацеў бы, але я хацеў бы Грэцыю, Італію і гэтак далей. Як толькі адкрыюцца межы – мы гатовыя». Такія таксама ёсць. Але на дадзены момант некаторыя задавальняюцца тымі межамі, якія адкрытыя, і хацелі б паляцець, каб лета ўсё ж такі адбылося».

Без каранціну можам наведаць Вʼетнам, Кіпр, Кубу, Тайланд, Туніс, Сербію і шмат іншых краінаў. Мянчанка Ганна Пярова ўжо адпачывала ў Сербіі гэтым летам ды плануе ў жніўні вярнуцца туды яшчэ на тыдзень: «З канца траўня ў Сербіі знятыя ўсе абмежаванні для беларусаў. Туды можна прыязджаць і не адседжваць каранціну, не праходзіць тэсту на каронавірус ні тут, ні там».

Днямі Аляксандр Лукашэнка, кажучы пра адпачынак за мяжою, папярэдзіў беларусаў пра 10-дзённы каранцін за свой кошт пасля вяртання на радзіму. Але ці сапраўды ёсць такі каранцін?

«Няма такой меры на дадзены момант – 10 дзён каранціну. Ёсць альбо каранцін 14 дзён – ён датычыцца тых краін, якія лічацца небяспечнымі нашым Мінздароўем. Альбо ўвогуле няма каранціну – для тых краінаў, якія лічацца адносна бяспечнымі. Тыя краіны, у якія мы адпраўляем людзей, – яны ўсе бескаранцінныя» – рэзюмуе Святлана Якімава.

Тым не менш, паводле турагентаў, гэткая заява кіраўніка краіны можа напалохаць кліентаў. А мы выйшлі на вуліцы Горадні, каб запытацца: ці плануеце вы замежны адпачынак сёлета?

Жанчына кажа: «Мы кожны год ездзілі-ездзілі, але ў гэтым годзе не будзем рызыкаваць», «Ну таму што каранцін, і невядома, якія там будуць уводы» – дадае іншае.

«Не, не паехаў бы. Ну каронавірус, можа» – зазначае мужчына. «У сувязі з каронавірусам гэтым, я думаю, там умовы будуць не надта добрыя» – падтрымлівае ягоныя словы другі.

«Чаму нельга адзін год адпачыць у нас? Абавязкова Егіпет? Нашая краіна прыгажэйшая» – разважае сталая жанчына.

І ўсё ж, калі вы збіраецеся адпачываць за мяжой, не забудзьце ўзяць з сабою сродкі дэзынфекцыі і маскі. Масачны рэжым цяпер увялі ў той жа Чарнагорыі. Гэтак жа і ў Сербіі: за адсутнасць маскі ў транспарце альбо ў краме могуць пакараць штрафам.

Мікола Дзямідаў, «Белсат»