Дыяментавыя надзеі. Менск прымае прэзідэнта Зімбабвэ


Ці атрымаем у добрым кошце золата і дыяменты з Паўднёвай Афрыкі? Менск прымае прэзідэнта Зімбабвэ, які тэрмінова шукае грошай на падтрыманне сваёй эканомікі. У сталіцы краіны – Харарэ – агульнанацыянальны страйк доўжыцца ад панядзелка. Чым можа дапамагчы Беларусь?

Ежа – адзін раз на дзень, праточная вада – раз на тыдзень, і беспрацоўе – праз дзесяцігоддзі – да ўзроўню 90 адсоткаў!

Зімбабвійцы марылі пазбавіцца ад рэжыму Робэрта Мугабэ, але «Мы пакутуем тут і з новым Эмэрсанам Мнангагўа, які не дае рады нам дапамагчы!» – скандуе пратэстовец. У краіне, казна якой перыядычна апустошваецца, працягваюцца хваляванні.

Радыкальныя эканамічныя рэформы абяцаў сваім грамадзянам абраны летась прэзідэнт. На фоне страйкаў накіраваўся ў Маскву. Эмэрсан Мнангагўа, кіраўнік Зімбабвэ:

«Хацелася б, каб Расея паглыбіла эканамічную супрацу з нашаю краінай – краінай трэцяга свету. Вы як старэйшы брат, можаце трымаць мяне за руку ў імкненні развіваць Зімбабвэ».

Расея будзе здабываць у Зімбабвэ карысныя выкапні, у прыватнасці – платыну. Раней паўднёваафрыканскі госць наведваў Казахстан, а сёння з Крамля накіраваўся ў Менск. Падмурак для партнёрства закладалі ў апошнім дзесяцігоддзі з афрыканскімі аўтарытарнымі рэжымамі Лівіі, Судану і Зімбабвэ.

«Там золата, там плаціна, там быць можа невялікія грошы ўкласці і здабываць там золата ці хто там ведае што», – кажа эканаміст Леанід Злотнікаў.

…Чаму б не дыяменты, абсталяванне для больш якаснага здабывання якіх у Зімбабвэ пастаўляем ужо… У айчынным Банку развіцця лічаць, што на дамовах з Харарэ можам мець сярэдні прыбытак. Пра рызыкі папярэджвае палітычны аглядальнік.

«Адсутнасць дэмакратычнасці, якая прыводзіць у тым ліку да праблемаў эканамічных. Бо пры такой сістэме галоўная матывацыя дзеянняў уладаў – гэта ўласна захаванне сваёй улады, а не вырашэння праблемаў, якія турбуюць грамадства», – тлумачыць палітычны аглядальнік Яўген Красулін.

Ціск паступова перамяшчаецца ў бок дзяржаўнага гвалту. Шасцёра загінулі ў пратэстах цягам трох дзён і каля сарака – параненыя. Замест карання паліцыі і ваенных, арыштоўваюць апазіцыянераў, якія, маўляў, падбухторвалі да гвалту.

«Людзі толькі супраць росту ўдвая коштаў на паліва. Яны нешчаслівыя і жывуць у страху» – скардзіцца жыхар Харарэ.

Сённяшні госць Аляксандра Лукашэнкі на Радзіме носіць прозвішча «Кракадзіл», якое займеў у дыверсійным атрадзе «Кракадзілавая банда» Нацыянальнай Вызваленчай Арміі. Пад ягоным кіраўніцтвам партызаны забівалі каланістаў і гандлявалі зброяй. У 1965-ым годзе Мнангагўа быў у кроку ад смяротнай кары. Ва ўжо незалежнай Зімбабвэ Эмэрсан Мнангагўа быў адным з канструктараў рэжыму Мугабэ. Кіраваў выведкаю ў часе шматтысячных этнічных чыстак. Потым – займаў фатэлі міністра юстыцыі, фінансаў, абароны і ўрэшце віцэ-прэзідэнта.

Менавіта тады з Менску ў Харарэ да яго зачасцілі дэлегацыі з Беларускага Банку развіцця, «БелАЗу», «Трайплу», а таксама Віктар Шэйман. Цікава, ці яны бяруць прыклад з Расеі. Яўген Красулін:

«Там прысутнічае страхоўка ад палітычных рызыкаў. Гэтыя інвестыцыі будуць звязаныя з вельмі высокімі рызыкамі. Бо па-першае няма стабільнасці, няма ўпэўненасці што яна будзе, і няма гарантыяў, што цяперашні рэжым будзе доўга панаваць».

Бо тады супраца можа згарнуцца, як гэта сталася з нашымі партнёрамі ў Лацінскай Амерыцы… як толькі там адбыліся дэмакратычныя пераўтварэнні.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Фота: Shaun Jusa / Xinhua via ZUMA Wire / FORUM