Дыягназ ВІЧ вярнуў да жыцця


Новая жыццёва важная статыстыка ад Сусветнай арганізацыі здароў’я. Са ста тысяч беларусаў – 26 асобаў маюць у крыві вірус набытага імунадэфіцыту. ВІЧ паступова пазбаўляе чалавечы арганізм магчымасці супрацьстаяць інфекцыям. Але з развіццём фармацэўтыкі хвароба перастае быць на 100 адсоткаў смяротнай. Як змагацца з праблемаю, табу на якую яшчэ жыве ў грамадстве?

1978 год… Некалькі пацыентаў у ЗША звяртаюцца да лекараў з сімптомамі хваробы, якую праз чатыры гады назавуць Сіндром Набытага Імунадэфіцыту. Хваробу выклікае вірус. ВІЧ у салігарчаніна Яўгена Спевака ў ліку 700 спажыўцоў наркотыкаў выявілі ў далёкім 1996-ым. Як не дзіўна, але дыягназ дапамог вярнуцца да жыцця.

«Стасуючы антырэтравірусную тэрапію чалавек можа жыць гэтаксама доўга, як чалавек без ВІЧ-інфекцыі. Я прымаю тэрапію ўжо 12 гадоў, цудоўна сябе адчуваю, у мяне прыўкрасная здаровая сям’я. Ужо 22 гады мы жанатыя», – распавядае Яўген Спевак, ВІЧ-інфекаваны, «Роўны кансультант».

Антырэтравірусная тэрапія дазваляе настолькі моцна падавіць вірус у крыві чалавека, што яго не бачаць мікраскопы. Таму зачацце другой здаровенькай дачкі ў сямʼі Спевакаў не было праблемаю. Пра такія факты «роўны кансультант» Яўген апавядае носьбітам, якія звяртаюцца па дапамогу. Не баяцца жыцця з ВІЧ і жыцця сярод інфікаваных – заклікаюць таксама лекары.

«Да мяне прыходзяць вельмі шмат пацыентаў з ВІЧ-інфекцыяй. Я іх прымаю і разумею, што для мяне няма небяспекі. Нават калі я выконваю ім аперацыі, я абаронены і няма праблемы», – кажа Зміцер Кароль, каардынатар сеткі Y-PEER Беларусі.

Колькасць пацыентаў аднак расце. Найгоршыя паказнікі СНІД прыпадаюць на Усходнюю Еўропу – вынікае з даследаванняў Сусветнай Арганізацыі Здароўʼя. У Расеі найбольш высокія паказнікі ў колькасці новых выпадкаў захворвання – ажно 71 выпадак на 100 тыс. чал. Ва Украіне – паказнік удвая меншы -37 / 100 тыс. чал. А на трэцім месцы Беларусь, дзе 26 / 100 тыс. чал. – інфікаваныя на ВІЧ. Як ставяцца да іх у грамадстве?

«Буду з ім свабодна размаўляць, пасябрую. Нічога ў гэтым страшнага няма».

«Не баяўся б, але перасцерагаўся б і менш кантактаваў».

«Шчыра кажучы, як і ўсе – пазбягаў бы яго. Калі шчыра».

«Увогуле гэта распаўсюджана але чамусьці пра гэта не хочуць размаўляць. Людзі бачаць у хваробе нешта ненармальнае».

«Пераследуй вірус – не людзей» – толькі адная з шэрагу кампаніяў, якія заклікаюць да адукацыі ў пытанні ВІЧ. Амаль дзве траціны заражаюцца праз неабароненыя гетэрасексуальныя кантакты. Амаль усе астатнія – праз ужыванне ін’екцыйных наркотыкаў. Таму ў выпадковых сексуальных кантактах ужывайце прэзерватывы, карыстайцеся стэрыльнымі прыладамі ў шпіталях ды на манікюры, памятайце пра аднаразовыя шпрыцы.

«Для гэтага ў нашых паліклініках і шпіталях робяцца бясплатныя тэсты на ВІЧ. Зараз можна набыць і тэсты на ВІЧ у аптэках. Гэта экспрэс-тэсты, якія можна зрабіць не наведваючы лякарняў», – тлумачыць Зміцер Кароль, каардынатар сеткі Y-PEER Беларусі.

Ананімнасць дагэтуль застаецца важнаю. Бо што ні кажы – славяне гатовыя распавядаць пра любыя невылечныя хваробы, але не ВІЧ.

Юлія Цяльпук, belsat.eu