Дыстанцыйнае навучанне: без адзнакаў, але з ведамі


Распараджэннем Міністэрства адукацыі ў Беларусі адноўленае школьнае навучанне. Гэткім чынам страціла актуальнасць дыстанцыйнае навучанне, аднак некаторыя бацькі арганізоўваюць яго ўласнымі сіламі. Адмыслоўцы таксама заяўляюць, што пандэмія каронавіруса абвастрыла шэраг іншых праблемаў сістэмы адукацыі, якія застаюцца не вырашанымі.

Дыстанцыйнае навучанне – адна з праблемаў, якую перад дзяржаваю і грамадствам паставіла эпідэмія каронавіруса. На дзяржаўным узроўні дыстанцыйнага навучання няма: гэтую праблему некаторыя бацькі ды настаўнікі спрабуюць вырашыць самастойна.

Аляўціна Новікава – маці 9-класніка ў школе № 72 Гомля – арганізавала свайму сыну і ягоным сябрам дыстанцыйнае навучанне. Такім стаў адказ бацькоў на распараджэнне Міністэрства адукацыі вярнуць дзяцей у школы.

«Мы вырашылі ўзяць асноўныя прадметы: матэматыка, фізіка, расейская мова, ангельская, беларуская – без іх нікуды не дзецца. Літаральна за два дні мы сабралі групу: мой сын, сын маёй сяброўкі, сын яшчэ адной сяброўкі, пасля іх сябры, пасля мы дамовіліся з настаўнікамі», – кажа спадарыня Аляўціна.

Бацькі адмовіліся выпраўляць дзяцей у школы, каб зберагчы іхнае здароўе, а каб не пакінуць без ведаў – арганізавалі дыстанцыйнае навучанне. Акрамя школьнай праграмы бацькі і настаўнікі праводзяць з дзецьмі ролевыя гульні для агульнага развіцця. Напачатку група складала пяць вучняў, цяпер іх – пятнаццаць, кажуць арганізатары заняткаў.

«Яшчэ калі былі ўведзеныя дадатковыя вакацыі, школа не змагла нічога прапанаваць у якасці замены і альтэрнатывы школьным заняткам. Мы проста былі вымушаныя знайсці свой альтэрнатыўны варыянт, як навучаць дзяцей у хатніх умовах», – кажа Юлія Сіняй, маці школьніка.

«Наладзіць дыстанцыйнае навучанне сёння, у 21-м стагоддзі – абсалютна магчыма і гэта не так складана. Безумоўна, гэта патрабуе большых высілкаў і большай падрыхтоўкі настаўнікаў, арганізаванасці дзяцей, але гэта магчыма. Я, працуючы ў прыватным адукацыйным цэнтры, – даўно, месяцы са два, як арганізавалі гэты працэс і працуем з дзеткамі праз скайп», – кажа настаўніца беларускай мовы Марына Хоміч.

Напярэдадні міністр адукацыі Ігар Карпенка заявіў, што паводле вынікаў года атэстуюць усіх вучняў, і тых, хто наведвае школы, і тых, чые бацькі вырашылі пакінуць дзяцей дома. Раней у міністэрстве заяўлялі пра магчымасць атэстацыі вучняў па выніках трох чвэрцяў. Але патрэбныя і іншыя захады, упэўнены наш эксперт.

«Адмяніць школьныя іспыты, перанесці ўступную кампанію на пачатак жніўня, у тым ліку ЦТ і адмяніць сярэдні бал атэстата пры паступленні. Я думаю, што гэтага было б дастаткова», – кажа Сяргей Альшэўскі, кіраўнік праекту «Народны падручнік».

Арганізаваць дыстанцыйнае навучанне дзяцей і моладзі, скасаваць масавыя імпрэзы з прычыны пандэміі каронавіруса, уладам Беларусі рэкамендавала і Сусветная арганізацыя здароўя.

Галіна Абакунчык, «Белсат»