Дыстанцыйнае навучанне анансуюць, але ніяк не ўзгодняць


З-за моцных маразоў у некаторых школах Менскага раёны адмененыя заняткі. Аб гэтым паведамляе Міністэрства адукацыі Беларусі. Адпаведныя рашэнні прымаюць самі школы, калі слупок тэрмометра паказвае ніжэй за 25 градусаў. Адмены заняткаў можна было б пазбегнуць, калі б у Беларусі працавала дыстанцыйнае форма навучання. Патрэба ў ёй наспела яшчэ летась пад час першай хвалі каронавірусу.

У сям’і Анохавых-Жураўлёвых, што жыве на ўскрайку Пружанаў, – 13 дзяцей, 10 з іх – школьнікі. Яшчэ летась у красавіку бацькі пастанавілі, што дзеці будуць вучыцца дыстанцыйна, каб не захварэць на ковід.

Маці Вікторыя Анохава-Жураўлёва ўзгадвае:

«Рашэнне навучацца дыстанцыйна было даволі спантаннае. У мінулым сакавіку, калі стала зразумела, што вялікая няпэўнасць з эпідэміялогіяй, сістэма не дае ўпэўненасці, што дзеці ў школе не захварэюць».

Дыстанцыйнае навучанне дало дзецям шмат вольнага часу. Яны ня толькі меней вучацца, але і самыя вызначаюць, калі і колькі ўрокаў рабіць. Галоўнае правіла Анохавых-Жураўлёвых – зрабіў заданні – можаш гуляць. Дапамогі з боку школы ў працэсе навучання маці не адчула.

«Я б сказала, што настаўнікі, хутчэй, не дапамагалі. Так, яны вывешвалі на сайце некаторыя заданні, якія неабходна рабіць. На гэтым іхнае ўзаемадзеянне скончылася: зразумеў, не зразумеў, зрабіў, не зрабіў, разабраўся, не разабраўся – усё гэта рабілася задачаю бацькоў», – падкрэслівае Вікторыя Анохава-Жураўлёва.

Адпраўляць дзяцей у школу ці пакідаць дома праз ковід: з гэтым няпростым пытаннем бацькі вучняў часцяком звяртаюцца да псіхолага Ганны Струкель.

«Да мяне звярталіся бацькі ў пытаннях дыстанцыйнага навучання. Яны сутыкнуліся з праблемамі, калі ўсё ўпала на іхныя плечы, як ім цяжка матываваць і арганізаваць дамашняе навучанне, як ужыцца ўсім разам, побытавыя праблемы, Цяжка ўсім быць разам у адной прасторы, калі і вучоба, і праца дома, і навучанне дома», – тлумачыць псіхолаг.

Дапамагчы бацькам і вучням у дыстанцыйным навучанні ды ўсцерагчы настаўнікаў ад захворванняў закліканая адмысловая інтэрнэт-пляцоўка. Міністэрства адукацыі запусціла яе 1-га студзеня. Патрэба ў ёй наспела яшчэ летась, калі праз ковід шмат дзяцей не хадзілі ў школу ўсю апошнюю чвэрць. У Міністэрстве запэўніваюць, што на платформу, якая пакуль працуе ў тэставым рэжыме, загружаныя матэрыялы па ўсіх прадметах для трэцяй чвэрці.

«Добра, што яна ёсць. Там яшчэ няма ўрокаў, яшчэ няма матэрыялаў вельмі шмат якіх. Фізікі: я фізік, для 11 класу наагул ніякіх матэрыялаў не выкладзена. Не выкладзеныя дадатковыя матэрыялы, яны зробленыя несучасна», – лічыць намеснік старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч.

Пакуль у Беларусі няма заканадаўчага вызначэння дыстанцыйнага навучання. У Палаце прадстаўнікоў рыхтуюць папраўкі да Кодэксу аб адукацыі. У законапраект залучылі фармулёўку, што адукацыя можа быць атрыманая ў вочнай, завочнай і дыстанцыйнай формах.

Ігар Станкевіч, «Белсат»