Дыскрымінацыя ў адукацыі: дзеці з багатых сем'яў адукаваныя лепш


Наколькі беларускія школьнікі могуць карыстацца сваймі ведамі ў рэальным жыцці? Дапамагае гэта ацаніць даследаванне PISA. Яго праводзяць раз на 3 гады ў больш як 70 краінах свету для ацэньвання адукацыйных дасягненняў вучняў. Эксперты ў адукацыі падчас круглага стала абмеркавалі, якія хібы паказала даследаванне ў беларускай школе і што з імі рабіць.

Ганна навучаецца ў менскім ліцэі № 2. Яна бярэ ўдзел у алімпіядах па мовах і хоча быць журналісткай. Ужо з першага класу дзяўчына была выдатнаю вучаніцай:

«Я імкнуся заўсёды дасягаць чаго-небудзь, і калі-нікалі сама магу зрабіць штосьці, прайсці больш як трэба».

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Ганна мяркуе, што ў беларускай школе ёсць свае хібы. Ейныя асноўныя прэтэнзіі – кваліфікацыя педагогаў і розны ўзровень выкладання.

«Адукацыя ў звычайнай школе можа быць горшая, чым у гімназіі. Гэта стварае складанасці для дзяцей, якія хочуць атрымаць лепшую адукацыю, але з нейкіх прычынаў не могуць з гэтым нічога зрабіць», – тлумачыць дзяўчына.

Адзін з найлепшых метадаў, які дазваляе ацаніць якасць школьнай адукацыі, – даследаванне PISA. Беларусь упершыню ўзяла ў ім удзел пазалетась.

«Беларуская адукацыя аказалася недзе пасярэдзіне гэтага агульнага спісу краін, якія прымалі ўдзел. З аднаго боку, мы крыху лепей, чым тыя ці іншыя краіны з аналагічным памерам ВУП, але нам шмат куды можна імкнуцца», – распавядае кандыдатка педагагічных навук Кацярына Куксо.

Напрыклад, больш эфектыўна працаваць з адоранымі дзецьмі. Беларускія школы выдатна рыхтуюць да алімпіядаў, але не заўсёды могуць развіць патэнцыял усіх навучэнцаў. Даследаванні таксама пацвердзілі: разрыў у ведах паміж вучнямі з багатых і бедных сем’яў істотна высокі. Асобнае пытанне – павышэнне практычнасці школьных ведаў.

Кваліфікацыя беларускіх настаўнікаў – яшчэ адно балючае месца, падкрэсліваюць у даследаванні. Беларусь заняла другое з канца месца ў колькасці настаўнікаў-магістраў. Але адмыслоўцы намагаюцца змяніць сітуацыю да лепшага.

«Мы стараемся ў праграму павышэння кваліфікацыі ўключаць актуальныя пытанні. Якраз навучэнне настаўнікаў тым тэхналогіям, якія маюць асобасна арыентаваную накіраванасць, што скіраваныя на падрыхтоўку нашых дзяцей да жыцця ў гэтым хутка зменлівым свеце», – сцвярджае Мікалай Запрудскі з Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

Даследаванне PISA праводзяць з двухтысячнага года ў больш як 70 краінах свету. Яно ацэньвае здольнасць чалавека разумець тэксты, валоданне прыродазнаўчымі навукамі і магчымасць выкарыстоўваць матэматыку ў рэальным жыцці. Даследаванне ахапіла больш за 5 тысяч беларускіх школьнікаў ва ўзросце 15 гадоў.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu