Дыпламатычная вайна паміж Расеяй і Захадам дапаможа Менску


Замест ясных тлумачэнняў – недарэчныя версіі. Гэтак пра спробы Крамля адказаць на пытанні Лондану выказалася прэм’ер Вялікай Брытаніі Тэрыса Мэй. Масква трымаецца ранейшай лініі ды называе высылку сваіх дыпламатаў з еўрапейскіх краінаў і ЗША «хамствам».

Рашэнне ўраду ЗША аб высылцы расейскіх дыпламатаў ужо адбілася на простых грамадзянах. З учора Генеральнае консульства Расеі ў Сіэтле, штат Вашынгтон, перастала прымаць грамадзянаў у пашпартовых і візавых пытаннях. Сёння на захады з боку ЕЗ і ЗША адрэагаваў і міністр замежных справаў Расеі.

«Адкажам, не сумнявайцеся. Бо такое хамства трываць, вядома, нікому не хочацца. І не будзем гэтага рабіць», – заявіў міністр замежных справах Сяргей Лаўроў.

Аднак замест таго, каб адказаць Лондану на канкрэтныя пытанні ў справе атручвання Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі, Масква, паводле прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі Тэрысы Мэй, прапанавала 21 версію таго, што магло адбыцца ў Солсбэры. Усе гэтыя версіі палітык назвала недарэчнымі. А напярэдадні патлумачыла рашэнне брытанскага ўраду аб высылцы расейскіх дыпламатаў.

«Наш мэсідж просты: мы не будзем трываць заўсёдных спробаў Расеі грэбаваць міжнародным правам, якія падрываюць нашыя каштоўнасці. А іншыя еўрапейскія краіны будуць дзеяць у мэтах умацавання сваёй устойлівасці да хімічных, біялагічных, радыелагічных і ядравых атак», – сказала прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Тэрыса Мэй.

І як пацверджанне таму – не толькі высылка 139 расейскіх дыпламатаў, але і іншыя захады. Напрыклад, урад Ісландыі спыніў усе кантакты з Крамлём на найвышэйшым узроўні ды адмовіўся ехаць на чэмпіянат свету па футболе, які сёлета адбудзецца ў Расеі. Салідарнасць з Вялікаю Брытаніяй прадэманстравалі Эстонія, Нарвегія, Вугоршчына ды іншыя – усяго 22 краіны. Найбольшую колькасць дыпламатаў высылае ЗША – 60.

«Нашыя дачыненні з Расеяй адкрытыя да расейскага ўраду і Уладзіміра Пуціна. Мы хочам супрацоўнічаць. Прэзідэнт Доналд Трамп хоча працаваць з Расеяй. Але іхныя дзеянні часам не дазваляюць таго, каб гэта адбылося», – заявіў прадстаўнік прэсавай службы Белага дому Радж Шаг.

А як будзе сябе паводзіць у гэткай сітуацыі афіцыйны Менск? Наўпрост канфлікт Крамля з Захадам наўрад ці паўплывае на Беларусь, а вось ускосна можа даць Менск больш магчымасці манеўраваць, сцвярджае палітолаг Алесь Лагвінец.

Сёлетняя дыпламатычнай вайна паміж Вялікай Брытаніяй і Расеяй стала найвастрэйшаю з 1971 года – тады Лондан выслаў ажно 105 савецкіх дыпламатычных працаўнікоў.

Віталь Бабін; фота – Аляксей Дружынін