Дыктатура як рызыка для бізнесу


Беларускія бізнэсоўцы лічаць неабходным спыніць палітычны пераслед грамадзянаў. Пра гэта сведчыць апытанне топ-мэнэджараў і ўладальнікаў кампаній. Прычына ў тым, што рэпрэсіі ды атмасфера тэрору шкодзяць бізнэсу.

Эканамічная сітуацыя ў Беларусі працягвае пагаршацца: так лічыць большасць кіраўнікоў і ўладальнікаў бізнес-структураў, апытаных даследчым цэнтрам ІПН. А выправіць сітуацыю найлепш можа спрашчэнне і змяншэнне колькасці падаткаў ды спыненне адміністратыўнага і крымінальнага пераследу людзей за палітычныя погляды. Падарваны давер да прававой сістэмы Беларусі падсумоўвае Яраслаў Раманчук, кіраўнік Навукова-даследчага цэнтру Мізэса:

«Скончыўся год пятай пяцігодкі. Сярэднегадавыя тэмпы росту ВУП склалі 0,7%. Гэта ў 3 разы менш, чым запланавана. За 10 гадоў мы маем менш чым 1% росту ВУП. Гэта стагнацыя, гэта правал, пры тым, што сусветная эканоміка расла амаль у 3 разы хутчэй».

Інвестар не ловіцца, не расце валавы ўнутраны прадукт – засмучаюцца міністры ва ўрадзе Рамана Галоўчанкі. Але сёння ўжо абяцаюць на наступную пяцігодку рост гаспадаркі + 21,5 % да 2025 г. Каб прыманіць інвестараў, міністр эканомікі прапаноўвае перагледзець крымінальны ды адміністратыўны кодэксы, каб за эканамічныя праступкі было толькі эканамічнае пакаранне. Але пакуль Аляксандр Чарвякоў абяцаў толькі паспрабаваць пагаварыць пра гэта на гэтак званым Усебеларускім народным сходзе ў лютым.

«Паабяцалі ў 2020-м годзе не даваць ільготныя крэдыты дырэктыўным крэдытаваннем – у 3 разы павялічылі. Абяцалі дыверсіфікацыю знешняга гандлю – не зрабілі. Абяцалі павялічыць знешні гандаль – не зрабілі. Абяцалі інфляцыю менш за 5% – не зрабілі», – пералічвае Яраслаў Раманчук невыкананыя абяцанні ўрадоўцаў.

Яшчэ адно абяцанне прапановы Аляксандра Чарвякова – не падымаць падаткаў для інвестараў 5 гадоў у межах інвестыцыйнай дамовы.

Хаця з пачатку новага года ўрадоўцы пусцілі кроў «святарным каровам» беларускай гаспадаркі – кітайскаму індустрыйнаму парку «Вялікі камень» і Парку высокіх тэхналогіяў. Падатак з прыбытку фізічных асобаў – рэзідэнтаў гэтых тэхнапаркаў павялічылі з 9 % да 13 %.

«Я ніколі не хаваў, што пазіцыя нашага ведамства – мінімізацыя ільготаў. Не з пункту гледжання павелічэння паступленняў у бюджэт, а з пункту гледжання выроўнівання канкурэнцыі ды сацыяльнай справядлівасці… Гэта зроблена, каб айцішнікі плацілі падаткі паводле такой жа стаўкі, як працаўнікі сельскай гаспадаркі, прамысловых прадпрыемстваў і бюджэтнай сферы. Тут значна важнейшыя пытанні сацыяльнай справядлівасці», – патлумачыў дзеянні ўраду міністр падаткаў і збораў Сяргей Налівайка.

Паступленняў у бюджэт няшмат, але такія дзеянні ламаюць давер і адпужваюць міжнародныя карпарацыі кшталту «Гуглу» і «Майкрасофту», дзе верцяцца трыльёны долараў, кажа заснавальнік і былы кіраўнік Парку высокіх тэхналогіяў Валерый Цапкала. Менавіта гэтым інвестыцыйным выспам Аляксандр Лукашэнка гарантаваў дзесяцігоддзі стабільнага падатковага клімату.

«Ты ж сам паабяцаў [не змяняць падаткаў] да 2049-га года. Я не кажу пра тое, што ці збіраешся ты сядзець да 2049 года. Але ж ты сам паабяцаў. І ты ж сам хлусіш, сам парушаеш абавязкі», – абураецца дзеяннямі Лукашэнкі Валерый Цапкала.

Адмыслоўцы бягуць з IT-краіны не толькі з-за падаткаў. Цяпер АМАП ганяе праграмістаў і пад Паркам высокіх тэхналогіяў, і нават дома. Гэтак 5-га студзеня, калі спецназ паляваў на дваравыя сходы, ва Уруччы затрымалі айцішніка, мясцовага жыхара. На судзе высветлілася, што, калі яго пасадзяць на Акрэсціна, сарвецца кантракт на 1 мільён еўраў.

«Наўрад ці можна чакаць, што з‘едуць 60-70 тысячаў айцішнікаў. І не трэба, каб яны з‘яджалі, 60-70 тысячаў. З‘едуць 1,5-2 тысячы, 5 тысячаў з‘едуць. Але гэта з’едуць лепшыя, мацнейшыя, высока матываваныя людзі», – дае прагноз Валерый Цапкала.

Адмысловец звяртае ўвагу, што ІТ-сектар надзвычай мабільны, а нашыя суседзі ствараюць спрыяльныя ўмовы, каб перацягнуць айцішнікаў да сябе.

А не ў сферы ІТ паказальнае становішча «Белгазпрамбанку». Былога банкіра Віктара Бабарыку пасадзілі ў Следчы ізалятар – і ён не змог стаць кандыдатам на прэзідэнцтва. А прыватным банкам цяпер афіцыйна кіруе прызначаная Лукашэнкам Надзея Ермакова, былая кіраўніца Нацбанку.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».