Дворнік з Менску патрабуе вярнуць 1000 долараў нявыплачанай пенсіі


Менскі дворнік Дзяніс мае трэцюю групу інваліднасці ўжо 11 гадоў з прычыны эпілепсіі. Увесь гэты час ён працаваў, але атрымліваў сацыяльную пенсію, памер якой – каля 170 рублёў. Некалькі месяцаў таму знаёмая падказала Дзянісу, што ён мае права на працоўную пенсію – большую на 40 рублёў.

«Запытала, якая ў мяне пенсія. Я кажу: «Сацыяльная, як і ва ўсіх». На наступны дзень я патэлефанаваў у Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і запытаўся, ці маю я права на працоўную пенсію. Яны спыталі маё імя і прозвішча і сказалі, што так, бо я даўно працую, з 2008 года», – распавядае мужчына.

Дзяніс абураецца, што за ўсе гады інваліднасці яму не паведамілі пра магчымасць атрымліваць большую пенсію. Маўляў, дзяржаўныя органы не абавязаныя гэта рабіць. Мужчына падлічыў, што за ўвесь гэты час страціў каля тысячы долараў. Гэтую ж суму ён спрабуе адсудзіць. Але грошы – не адзінае ягонае патрабаванне ад уладаў.

«Каб унеслі папраўкі ў закон. Па-першае, каб аддзел кадраў ці сацабарона казалі ці паведамлялі інвалідам, што яны маюць права на працоўную пенсію па інваліднасці», – кажа ён.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

На працоўную пенсію можа прэтэндаваць любы чалавек з інваліднасцю, які мае працоўны стаж прынамсі два гады. Паводле Канвенцыі ААН аб правах людзей з інваліднасцю, якую Беларусь ратыфікавала ў 2016 годзе, дзяржава абавязаная забяспечваць доступ да дапамогі ды сацыяльных праграмаў. Але прадстаўніца адказчыка ў судзе з гэтым не пагаджаецца.

«Інфармацыя аб прызначэнні і пераразліку пенсіяў не закрытая, яна агульнадасяжная. Тое, што чалавек не карыстаецца сваймі правамі – іншая справа. Яму на працягу столькіх гадоў не было цікава, чаму ў яго такі нізкі памер пенсіі», – сказала ў судзе прадстаўніца камітэту працы і сацыяльнай абароны Менгарвыканкаму Лілія Бурдзялёва.

Справа Дзяніса Юркова можа стаць прэцэдэнтам, які зменіць заканадаўства, лічаць адмыслоўцы.

«Тое, што мы сёння маем у заканадаўстве, не перашкаджае перагледзець палітыку інфармавання чалавека аб тым, што ён мае права. І гэта не вымагае вялікіх дзяржаўных сродкаў», – кажа юрыст Офісу па правах людзей з інваліднасцю Алег Граблеўскі.

На сённяшнім паседжанні рашэнне так і не было прынятае. Наступны суд адбудзецца пятага лютага.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu