Двор чакае рамонту 30 гадоў. Як трэба дзейнічаць жыхарам?


Шматпавярховік на вуліцы Маўчанскага ў Магілёве адзначыў сваё 30-годдзе. Замена ліфта, афарбоўка сценаў і ямінавы рамонт – гэта ўсё, што падарыў горад жыхарам дому.

Вуліца, якая праходзіць каля дому 24, дастаткова маленькая, але вельмі ажыўленая. Праз яе жыхары з усяго раёну вязуць дзяцей у школу. Але вось пешаходам трэба быць уважлівымі.

«Вось там тратуару наагул няма, тратуар на ўзроўні дарогі. З дзецьмі небяспечна ісці там», – наракае жыхарка Людміла Лук’янава.

«Мой сын ехаў з вазком з дзіцем, вось ехаў сюды ў краму і з сабачкам. Ён толькі хацеў надзець яму ланцужок і тут дзяўчына, вось на такой машыне белай, як рванула з усёй сілы. Ён не паспеў, схапіў вазок хутчэй, так бы дзіця забіў бы!» – абураецца Тамара Шумская.

Станам двара незадаволеныя ня толькі пешаходы.

«Мяне больш хвалюе дарога, за якую мы плацім падатак пастаянна, праходзім тэхагляды. Дарог не было, падвескі забіваюцца ўмомант», – кажа кіроўца Галіна Радзькова.

На пытанне журналістаў аб прычынах стану двара, у чыноўнікаў адзін адказ – няма сродкаў:

«Грошы на гэта вылучаюцца горадам, па нашым раёне капітальны рамонт наагул практычна не робіцца па добраўпарадкаванні, бо няма дастатковага фінансавання. Вы ж разумееце, як капітальны рамонт і добраўпарадкаванне ў нас у асноўным робіцца: гэта цэнтральныя вуліцы, гэта мяняецца драбнаштучка і ўсё астатняе», – адказала начальніца ЖЭУ.

Чаму грошы размяркоўваюцца менавіта так? Бо не стае кантролю, мяркуе праваабаронца Уладзімір Краўчанка:

«Выбарчыя камісіі былі прызначаныя ўладамі, дэпутацкі корпус падабраны ўладамі. Ну, а з якою мэтай падабраны? Каб там былі паслухмяныя людзі, якія ні ў якім разе не займаліся б пытаннямі кантролю за расходаваннем грашовых сродкаў. А тыя грашовыя сродкі яшчэ да таго, як яны будуць сфармаваныя, сыходзяць набок».

Праваабаронца дадае: каб дамагчыся годных умоваў жыцця, трэба пісаць звароты да мясцовых уладаў. Калі ж гэта не дапамагае – звяртацца ў пракуратуру.

Дар’я Чульцова belsat.eu