Дваравыя канцэрты і святы: менчукі пачалі бавіць час разам


У будныя дні мірныя сходы людзей з цэнтральных вуліцаў Менску перайшлі на лакальны ўзровень – жыхары сталічных мікрараёнаў збіраюцца ў сваіх дварах, добраўпарадкуюць іх, аздабляюць нацыянальнаю сімволікай ды ладзяць супольныя імпрэзы. Гэтак мірныя пратэсты ператварыліся ў сапраўднае свята.

Бетонны ўручанскі Цмок, што ў мінулыя выходныя атрымаў новае жыццё пасля дзясяткаў гадоў занядбанасці, стаўся сімвалам мікрараёну. Дзіцячая пляцоўка сярод сасновага лесу цяпер выкарыстоўваецца паводле свайго функцыянальнага прызначэння: тут сустракаюцца маладыя бацькі з дзецьмі, ладзяцца суседскія вечарыны.

«Калі ўсё цьмяна і занядбана – не вельмі цікава. А цяпер усё стала ярка, адпаведна, гэта і прываблівае, прываблівае дзяцей. Дзяцей жа, так сказаць, не падманеш. Хтосьці ўдыхнуў душу ў гэты каменны аб’ект, і ён стаў прыцягваць», – распавядае мясцовы жыхар Зміцер.

І гэта не адзінае месца: менчукі надаюць сваім дварам новы выгляд і назвы. Бадай самым вядомым зрабіўся двор на вуліцы Чарвякова, гэтак званая плошча Пераменаў, дзе ўжо з месяц штовечар адбываюцца канцэрты з танцамі і песнямі. Ёсць у Менску і плошча Марыі Калеснікавай, на якой жыхары таксама бавяць час разам.

«Нарэшце зʼявіўся давер адно да аднаго. Людзі сталі разумець, што зона камфорту – гэта не толькі за дзвярыма сваёй кватэры, але гэта ў тым ліку і свая вуліца, парк – усё, што вакол твайго дому. Яны гэта ўсвядомілі, знайшлі велізарную колькасць аднадумцаў», – кажа урбаністка і архітэктарка, што практыкуе саўдзел у праектаванні, Надзея Царонак.

На думку архітэктаркі, муралы на сценах, перафарбаванне лавачак і аздабленне двароў стужкамі – важны складнік перабудовы грамадства, утварэння супольнасцяў, гатовых браць адказнасць за жыццё ў краіне.

«Я намагаюся штосьці зрабіць, каб выходзіла больш і больш людзей, каб людзі адно з адным знаёміліся, не толькі ў падʼездах, але і ў суседніх дамах. Усё цудоўна, і мы пераможам».

«У любым выпадку адныя плюсы: лепш адно аднаго ведаеш. Тым больш час не вельмі просты, і гэта таксама важна, каб побач былі знаёмыя людзі».

«Знікала надзея, што не будзе ў нас, як кажуць, не пабачу я волі. А ўсё дзякуй Богу пайшло. Так добра і радасна. Я думаю, барацьба будзе доўгай, але ў мяне адчуванне радасці».

Аднак ініцыятыўнасць менчукоў прыйшлася не да спадобы праваахоўным органам і камунальным службам: знакаміты мурал дыджэяў на Чарвякова зафарбавалі ўжо дзясяты раз, як і выяву Марыі Калеснікавай на плошчы ейнага імя. А паводле дырэктара гарадскога абʼяднання «Менская гарадская жыллёвая гаспадарка» Сяргея Рубанава, нанесеную шкоду жылому фонду ацэньваюць на 120 тысячаў рублёў. Каб нічога не адбылося з Цмокам, жыхары Уручча спрабуюць дамовіцца з адміністрацыяй раёну.

«Да нас прыязджала жанчына з адміністрацыі раёну. Мы пайшлі з ёю на дыялог. І я думаю, атрымалася ўсё прыгожа і канструктыўна. Мы дамовіліся, што будзем з жыхарамі распрацоўваць план, а яны са свайго боку, затым мы збяромся і абмяркуем меркаванні кожнага з бакоў ды ў будучым гэтае месца стане вельмі крутым паркам», – спадзяецца Зміцер.

Ужо ў суботу на пляцоўцы ля Цмока мае адбыцца спатканне – урбаністычная майстэрня, на якой мясцовыя жыхары падзеляцца сваймі пажаданнямі ў добраўпарадкаванні. Магчыма, у будучым некаторыя з ідэяў лягуць у аснову праекту аднаўлення дзіцячай пляцоўкі.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»