Два месяцы ў чаканні лекараў


Спадарыня Марыя не ўстае з ложка, амаль не чуе і не бачыць. Пры гэтым у яе другая група інваліднасці. Жанчыну даглядаюць сваякі – пляменніца з мужам. Цяпер яна жыве ў іх, у вёсцы Ферма Шумілінскага раёну, што на Віцебшчыне.

«Бабулька не галадае. Ну так, дроваў у нас, мабыць, няма, але мы прапальваем. Вось сёння прапалім на ноч, каб цёпленька было», – расказвае Святлана Чарных, пляменніца спадарыні Марыі.

Жыццё ў спадарыні Марыі было нялёгкае: праца на цагляным заводзе, догляд за хвораю маці. Аддушынаю былі народныя песні. Спявае яна і цяпер.

Святлана і Віктар – пенсіянеры. Даглядаць бабулю і рабіць вясковую працу ім цяжка. Яны намагаюцца, каб спадарыні Марыі далі першую групу інваліднасці. Гэта дасць права на дапамогу сацыяльнага працаўніка. Але кажуць, што сутыкнуліся з абыякавасцю медыкаў.

«Так, учора прыехалі, глянулі на бабулю. Неўрапатолаг глянула, каленкі там пастукала, рукі пападымала. Кажа: «Так. Першая група». Але два месяцы! Ніхто не зрабіў ласку паглядзець!» – абураецца пляменніца спадарыні Марыі.

Святлана лічыць, што прыцягнуць увагу медыкаў дапамагло… відэа, якое яна запісала і выклала ў сацыяльныя сеткі:

«Мы не просім дапамогі. Нам было важна, каб спецыялісты звярнулі ўвагу. Тыя, якія павінныя былі паглядзець на яе».

Але ў мясцовым шпіталі не разумеюць абурэння Святланы Чарных. Намесніца галоўнага лекара ў справе медычных экспертызаў і рэабілітацыі Ала Карапузава, якая разглядала выпадак Марыі Якаўлеўны, кажа, што ўсё ідзе паводле графіку, і дактары прыйшлі адразу пасля выкліку:

«Не, няпраўда гэта, што лекар не мог прыйсці. Не было такога. Вось як звярнуліся 29-га на МРЭК, і мы выдалі даведку патрэбы ў доглядзе, то цягам дзесяці дзён я выслала камісію ў складзе лекара-неўролага, хірурга, псіхіятра і лекара агульнай практыкі. І бабуля была агледжаная, і запоўненыя дакументы на МРЭК».

Нягледзячы на гэта, праваабаронца Ірына Траццякова мяркуе, што сітуацыя, у якую трапіла Марыя Якаўлеўна, не выключная. На ейны погляд, медычныя камісіі не дастаткова ўважлівыя да людзей сталага веку:

«У нармальных, цывілізаваных краінах мы разумеем, што гэта сапраўды праблема. Ствараюцца геранталагічныя цэнтры, камісія, якія дапамагаюць пажылым, старым людзям. Беларусь пакуль вельмі позніцца і стварае праблемы ў атрыманні групы інваліднасці».

Другога траўня да спадарыні Марыі ізноў прыедуць дактары. Тады першая група інваліднасці і сацыяльная апека могуць стаць рэальнасцю.

Ян Вярбіцкі, belsat.eu