Два гады зняволення за размаляваныя шчыты, арышт за распаўсюд звестак. У судах агучылі новыя прысуды


Hавiны
«Яна такая малайчына!» Вынеслі прысуд маладзёнам, якія размалявалі шчыты АМАПу на маршы ў Менску
2021.01.22 15:37

«Вядома, гэта звязана з палітыкай, што ім так далі. Калі б гэта была проста «хуліганка», далі б умоўна і ўсё. Цяпер усе суды звязаныя з палітыкай», – кажа паштарка Ларыса Танкашкур, якая прыйшла на судовае паседжанне падтрымаць маладзёнаў.

Саму Ларысу ссёння пакаралі трыма месяцамі арышту – у судзе Першамайскага раёну Менску. Суддзя Тацяна Ліннік прызнала жанчыну вінаватай у незаконным збіранні і распаўсюдзе прыватных звестак.

«Паколькі ніхто не пацярпеў і яна не сама распаўсюджвала гэтай інфармацыі, я лічу, што гэта несправядліва», кажа Вераніка Паланейчык, дачка Ларысы.

Ларыса Танкашкур працавала паштаркай і ў верасні перадала ў раённы чат імёны ды адрасы падпісчыкаў-міліцыянтаў. Паводле абвінавачання, яна дзеяла з матываў палітычнай і ідэалагічнай варожасці. Жанчына ж тлумачыць, што хацела, каб спыніліся жорсткія затрыманні тых, хто збіраецца ў дварах у мікрараёне Лебядзіны.

«Калі б я хацела на палітычным, я б магла распаўсюдзіць даўно. А так, тое, што адбывалася на Лебядзіным… я шчыра хацела дапамагчы людзям. І яны спачатку казалі мне, што так, дапамагло, іх (затрыманняў. – Белсат) стала менш, а потым усё роўна…»

Два гады зняволення за размаляваныя шчыты, арышт за распаўсюд звестак. Агучылі чарговыя прысуды па «крыміналках»
Паштальёнка Ларыса Танкашкур. Снежань 2020 году.
Фота: ТК / Белсат

Працяг разгляду крымінальнай справы супраць пяцярых менчукоў, затрыманых 29-га верасня ў Баравой, перанеслі на 1-га лютага. Мужчынаў вінавацяць у групавым пашкоджанні аўтамабіля жонкі міліцыянта.

«Кваліфікацыя можа быць ці наўмыснае пашкоджанне маёмасці, ці хуліганства – тое, што выставіла следства. Больш цяжкае – хуліганства, больш мяккае – проста пашкоджанне маёмасці, без хуліганскага матыву», – кажа адвакат аднаго з затрыманых Ігар Аўсянікаў.

Мужчынаў затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу з выкарыстаннем зброі непасрэдна каля машыны, адзін з затрыманых быў моцна збіты, але дзеянні міліцыі ў гэтай судовай справе не разглядаюцца.

Працягваюцца суды і па-за Менскам. У судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску паводле артыкулу 23.34 пакаралі студэнтак Медычнага ўніверсітэту Анастасію Лявонцьеву і Паліну Нітчанку за фотаздымак са сцягам падчас акцыі ва ўніверсітэце.

«На мяне падчас допыту ціснулі, мне намякалі, што калі я не прызнаю сябе і іншых удзельнікаў, то мяне могуць адправіць у ІЧУ да суда», – кажа Анастасія Лявонцьева.

Анастасію пакаралі штрафам 464 рублі, а Паліне, якая адбывае ў СІЗА сямідзённы арышт за відэазварот студэнтаў, дадалі яшчэ 10 содняў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»