Два гады пасля забойства Нямцова: дагэтуль нічога не вядома


Два гады мінула пасля забойства вядомага расейскага палітыкі Барыса Нямцова. І нягледзячы на тое, што былі выстаўленыя абвінавачанні. Праўды пра сапраўдныя мэты забойства, і галоўнае – замоўшчыкі – дагэтуль не вядомыя. Што перашкаджае паставіць кропку ў самым гучным палітычным забойстве апошніх гадоў?

Масква, позні вечар 27 лютага 2015 года. Барыс Нямцоў прагульваецца са знаёмаю ўкраінскаю мадэллю Ганнай Дурыцкай на Вялікім маскварэцкім мосце. Невядомы шэсць разоў страляе ў спіну палітыку. Чатыры кулі дасягаюць мэты. Забойца ўцякае на аўтамабілі, што пад’ехаў, а Барыс Нямцоў памірае на месцы ад ранаў.

Такога адзінага лідара не стае

Былы губернатар, віцэ-прэм’ер, дэпутат, заснавальнік Саюзу правых сілаў – гэта няпоўны спіс усіх рэгаліяў Барыса Нямцова, які жорстка крытыкаваў Уладзіміра Пуціна цягам амаль дзесяці гадоў.

Нямцоў безумоўна быў аб’яднаўчаю фігурай для расейскай апазіцыі, для расейскай грамадзянскай супольнасці. Гэта была фігура, якая ўмела абʼядноўваць вельмі розныя групы.

Летась следчы камітэт Расеі скончыў расследаванне

На лаве падсудных апынуліся пяцёра жыхароў Чачэніі, ніводзін з якіх не прызнаў сваёй віны. Імя заказчыка дагэтуль не вядомае. Адвакаты і сям’я Нямцова патрабавалі дапытаць кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава, аднак суд адмовіў.

Барыс Нямцоў быў адным з тых нешматлікіх расейскіх палітыкаў, якія глядзелі на Беларусь не позіркам старэйшага брата, які аглядае сваю губерню, але як на раўнапраўнага партнёра.

Гэта быў адзін з расейскіх палітыкаў, які бачыў у Беларусі незалежную еўрапейскую дзяржаву.

Дзякуючы сваёй адкрытасці ды камунікабельнасці Барыс Нямцоў лёгка выклікаў да сябе прыхільнасць людзей. Палітык быў шырока вядомы ў еўрапейскіх палітычных колах, быў адным з актыўных распрацоўнікаў спісу Магніцкага, заняў антыўрадавую пазіцыю аб Крыме.

Як сказаў пісьменнік Віктар Шандаровіч, рэжым Пуціна быў абразаю для Барыса Нямцова, як чалавека з ліберальных 90-ых гадоў, якія будавалі новую свабодную Расею і якія не здрадзілі сваім ідэалам.

У гонар забітага апазіцыянера ў Маскве прайшоў шматтысячны марш памяці Барыса Нямцова. Мітынгам адзначылі сумную гадавіну і ў Санкт-Пецярбургу. Познім вечарам паліцыя затрымала некаторых актывістаў, але да раніцы іх адпусцілі.

Ігар Віняўскі, «Белсат», фота: Peter Kovalev / TASS / Forum