Два гады пагрозаў. Жанчына змагаецца з уладамі за вясковую школу


Аграгарадок Каплічы Калінкавіцкага раёну застанецца без уласнае школы. Па веды ў наступным навучальным годзе каля 80 дзетак будуць ездзіць у школу за 30 кіламетраў ад дому.

Па веды ў аграгарадку Каплічы можна было б ганяць роварамі. Але на будынку ўжо і шыльды «ШКОЛА» няма. Дзеці мусяць наведваць Шыічскую – у 30 кіламетрах ад дому.

«І снег ідзе, і маразы ў гэтым годзе якія былі… Стаяць дзеці, мерзнуць і часта хварэюць».

«Цяпер 21 стагоддзе – і зачыніць такую школу! Гэта прыгажуня-школа, і дзяцей у ёй 80. Дык яны нашымі дзецьмі ўтрымліваюць Шыічскую школу!» – абураюцца жыхары Каплічаў.

З 2016 года рамонту аварыйнага будынку дамагаецца Роза Стрэльчанка, якую мясцовыя абралі дэпутаткаю сельсавету. У адказ на апошні з шэрагу запыт у мінулую пятніцу Каплічы наведалі дэпутаты з Гомельскага аблвыканкаму і Калінкавіцкага райвыканкаму. У рамонце адмовілі.

Роза Стрэльчанка, дэпутатка Каплічскага сельсавету:

«Калі мы дасылалі дэпутацкі запыт на імя Івана Гарыста, мы на той час не ведалі, што Сусветны банк развіцця выдаткаваў усёй Беларусі 90 мільёнаў еўраў на рамонт, мадэрнізацыю і развіццё школ у малых гарадах і мясцовасцях».

Паводле чыноўнікаў, Каплічы не могуць скарыстацца і з гэтай магчымасці. Узгаданы ж Іван Гарыст з’яўляецца дэпутатам гомельскага аблсавету і адначасна галоўным рэдактарам «Калінкавіцкіх навінаў». Тэлефануем:

Дэпутат: «А вы з якога боку да гэтага працэсу?»

Карэспандэнтка: «Вельмі б хацелася пачуць абодва бакі, таму да вас і тэлефаную».

Дэпутат: «Вы ўжо паслухалі адзін бок? То працягвайце слухаць і далей».

Газета, якую трымае чыноўнік, як і Каплічская школа, паўстала ў пасляваенны час. Функцыю інфармаваць жыхароў раёну пра ўсе вострыя справы – не выконвае. Пра школу ў Каплічах няма ані слова.

Хоць жыхары Каплічаў і суседніх вёсак на ўладнае «няма грошай» прапаноўваюць бескаштоўную дапамогу. Гуртам мясцовыя падлічылі, што за тры гады аўтобусы «накаталі» дзяцей на 86 тысячаў долараў.

«Чатыры ахоўнікі пільнуюць школу, каб вокны не павыдзіралі. Тры аўтобусы прыходзіць: тром кіроўцам заробак, амартызацыя машыны, бензін… На гэта грошы ёсць», – распавядае жыхар Каплічаў.

Праігнаравала ўлада і прапанову стварыць рахунак для ахвяраванняў на рамонт. Рэхам аблвыканкаму адказала Міністэрства адукацыі:

«Паводле інфармацыі Гомельскага аблвыканкаму, падчас абследаванняў устанавілі, што комплекс працаў па аднаўленні будынку школы пацягне за сабою значныя выдаткі, сувымерныя з узвядзеннем новага будынку школы».

Цягам двух гадоў Розе Стрэльчанцы пагражаюць праз тэлефон. Тры месяцы таму правакатары паведамілі міліцыі, што жанчына ўзарве школу, што абярнулася ператрусам у ейным доме. У Калінкавіцкай міліцыі – ляжаць 7 заяваў.

«Дэпутат – адвакат народу, які прадстаўляе іхныя інтарэсы. Таму безумоўна, што не простыя людзі ёй пагражаюць і абражаюць яе. Пагражаюць асобы, чые інтарэсы дэпутатка ўшчамляе. Безумоўна, міліцыя знаходзіцца пад чыімсьці ўплывам», – кажа праваабаронца Алесь Яўсеенка.

Бо крымінальнай справы дагэтуль не завялі. Падобныя выпадкі праваахоўная сістэма мае кваліфікаваць як пагрозу службовай асобе, якая выконвае свае абавязкі.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Hавiны
Дэпутатку сельсавету падазраюць у пагрозах узарваць школу. Яна распавядае, што гэта за школа
2019.02.23 19:06