Два апазіцыянеры на 153 тэрытарыяльныя камісіі


Два – з амаль дзвюх тысячаў магчымых месцаў – зоймуць прадстаўнікі апазіцыйных палітычных партыяў у тэрытарыяльных выбарчых камісіях. З такім вынікам завяршыўся другі этап прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.

Прадстаўнікі праўладных партыяў ды арганізацыяў сфармавалі асноўны склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. Амаль поўным спісам у іх былі ўлучаныя прадстаўнікі прафесійных саюзаў – 324, Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі – 148, «Белай Русі» –147, Беларускага саюзу жанчын – 130, Беларускага грамадскага абʼяднання ветэранаў – 122, Камуністычнай партыі Беларусі – 92, Беларускай партыі працы і справядлівасці – 45. Яшчэ 641 чалавек у складзе камісіяў вылучаны шляхам падачы заяваў грамадзян.

«Гэта такі традыцыйны спосаб вылучэння праўладных людзей у камісіі. Мяняюцца толькі спосабы з года ў год: адзін год яны вылучаюцца ад грамадскіх арганізацыі, у наступны – ад грамадзянаў. Усё становіцца на свае месцы, калі ёсць інфармацыя пра іх месца працы, хоць гэтая інфармацыя не падаецца, і гэткім чынам гэтыя людзі маскіруюцца. Грамадзяне нібыта кагосьці вылучылі, а пасля высвятляецца, што гэта кіраўнік нейкага дзяржаўнага прадпрыемства, працаўнікі гэтага прадпрыемства», – кажа каардынатар ініцыятывы «Праваабаронцы за справядлівыя выбары» Валянцін Стэфановіч.

Адмыслоўцы канстатуюць: у параўнанні з мінулаю прэзідэнцкаю кампаніяй, 2015-га года, апазіцыйныя партыі сталі яшчэ менш актыўнымі. Так, найбольшую колькасць сваіх прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя камісіі вылучыла Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) – 16, улучаны ў склад камісіяў 1, Партыя БНФ вылучыла шасцёх, зарэгістраваны 1, Абʼяднаная грамадзянскай партыя вылучыла траіх, не зарэгістраваны ніводны.

«Улада спрабуе не дапусціць прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацыяў у склад камісіяў, бо яны разумеюць: калі там будзе значная колькасць прадстаўнікоў, то не атрымаецца рабіць фальсіфікацыі ў патрэбных маштабах», – перакананы Старшын БСДП (Грамада), Ігар Барысаў.

Тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі – важны складнік выбарчага працэсу з выключнымі правамі іх сябраў у назіранні і кантролі, у тым ліку падліку галасоў. Аднак сёлета гэтыя правы абмежаваныя, сведчаць прадстаўнікі кампаніі назірання за выбарамі.

«У гэтым годзе Цэнтральная выбарчая камісія ў метадычцы напісала, што сябры тэрытарыяльных выбарчых камісіяў гэтага рабіць не могуць без рашэння старшыні камісіі. Таму, калі трымацца супрацьзаконных дзеянняў Цэнтрвыбаркаму, сябры тэрытарыяльных камісіяў бяспраўныя, ні на што не могуць паўплываць», – паведаміў каардынатар кампаніі «Права выбару» Аляксей Сігаеў.

Учора распачаўся збор подпісаў за прэтэндэнтаў на ўдзел у прэзідэнцкай выбарчай гонцы. Усяго зарэгістраваныя пятнаццаць ініцыятыўных групаў. Да 5-га ліпеня яны маюць сабраць па сто тысяч подпісаў.

Галіна Абакунчык, «Белсат»