«Душыў, усё прадумана рабіў, каб не сесці». Як утойваюць гвалт у сям'і?


Хатні гвалт ёсць, але закону, паводле якога можна было б пакараць агрэсара і дапамагчы ахвяры, усцяж няма. Сёння ў Беларусі і ва ўсім свеце адзначаюць Дзень супраць гвалту. Яго мэта – звярнуць увагу на праблему, з якою сутыкаюцца тысячы сем’яў. Што можна зрабіць, каб спыніць гвалт?

«Біў пастаянна так, каб не было відаць слядоў. Па галаве. Сінякоў жа не застаецца, хоць адзін раз рассек галаву, дык хоць кроў сфатаграфавала як доказ».

Гэта паведамленне ад маёй знаёмай, якую збіваў былы сужэнец. А за час пошукаў гераіні для сюжэту я паразмаўляла з 9 знаёмымі жанчынамі. 6 з іх сутыкнуліся з хатнім гвалтам. Алё толькі адная пагадзілася расказаць пра гэта. Іншыя ўпэўненыя, што адкрытасць прынясе толькі шкоду і асуджэнне асяродку, бо стэрэатыпы, што проста так не бʼюць і ахвяра самая вінаватая, у беларускім грамадстве ўкаранёныя трывала.

Двух сабакаў Наталля Кулінковіч завяла, каб адчуваць сябе ў бяспецы. Некалькі гадоў яе збіваў муж:

«Рук-ног не ламаў, але біў, падбіваў вочы, я з сінякамі пад вачыма хадзіла. І ўлетку часта даводзілася хадзіць з доўгім рукавом, бо сінякі былі ад таго, што ён сціскаў. Душыў пару разоў. Усё так прадумана рабіў, каб не сесці», – распавядае ахвяра хатняга гвалту Наталля Кулінковіч.

Сёлета ў міліцыю было каля 90 тысячаў зваротаў, звязаных з канфліктамі ў сямʼі, менш за палову з іх скончыліся прыцягненнем да адказнасці. Вольга Сакалоўская з аддзелу ўпраўлення прафілактыкі МУС тлумачыць:

«Усе астатнія, яны, як правіла, спыняюцца за замірэнне. То бок прыходзіць пацярпелая ў органы ўнутраных справаў або ў суд нават: вы ведаеце, мы тут памірыліся, у нас добра ўсё. Другі камень перапоны – фінансавае пытанне. У большасці выпадку за прыцягненне за здзяйсненне правапарушэнняў у сферы сямейна-побытавых адносінаў, як правіла, накладаецца штраф. Ён у цэлым кладзецца на сямʼю».

Пакаранне, больш сурʼёзнае за штраф, прызначыць не проста. Ахвяра хатняга гвалту Наталля Кулінковіч распавядае:

«Чаго не разумеюць на гэты момант у міліцыі? Што калі цябе збіў старонні на вуліцы, ты як мінімум ад яго збегла, ты прыбегла ў міліцыю, яго шукаюць, цябе шкадуюць. А калі цябе пабіў муж, пачынаюцца ўсе гэтыя гульні ды крыўлянні, што гэта справа сямейная».

Пакараць агрэсара толькі за факт збіцця, дапамагчы ахвяры хатняга гвалту – усё гэта прадугледжвала канцэпцыя закону аб хатнім гвалце. Але летась пасля крытыкі Лукашэнкі ўсе абмеркаванні закону спыніліся. Ірына Альхоўка, старшыня ГА «Гендарныя перспектывы», тлумачыць:

«З былых савецкіх краінаў засталіся толькі дзве краіны – Расея і Беларусь, – дзе няма закону. Нават ва Узбекістане яго нядаўна прынялі. Вядома, спецыялізаваны закон, яго роля не толькі ў тым, што ён прапаноўвае захады, гэта сімвал. Гэта сімвалічны заканадаўчы акт, які скажа: не біць чальцоў сямʼі – гэта нашая новая норма».

А пакуль што адзінае, на што варта спадзявацца ахвярам хатняга гвалту, – гэта ўдасканаленне ўжо існых законаў.

Алёна Дубовік belsat.eu