«Дружба» спыненая. У Расеі распачалі крымінальную справу


Забруджванне нафты ў трубаправодзе «Дружба» кампанія «Транснефть» назвала наўмысным – у Расеі распачалі крымінальную справу. А ў беларускай сталіцы на перамовы для ўрэгулявання сітуацыі з няякаснай нафтай сабраліся аператары нафтаправодаў з Беларусі, Расеі, Украіны ды Польшчы. Якія эканамічныя і палітычныя наступствы прынясе нафтавы інцыдэнт? Высвятляў Аляксандр Папко.

«Гомельтранснафта Дружба» збірае партнёраў. У Менск з’язджаюцца прадстаўнікі «Укртранснафты», польскага канцэрну «PERN S.A» і расейскай кампаніі «Транснефть». Беларусь жадае як мага хутчэй ачысціць забруджаную хімікатамі нафту з Расеі.

«Мы запрасілі ўсіх вас, каб разгледзець развязанні праблемы, прыняць адпаведныя рашэнні ды аднавіць пастаўкі якаснай сыравіны на НПЗ і транзітную плынь нафты. Беларускі бок мае тэхнічнае бачанне і прапановы для нармалізацыі сітуацыі. Мы павінныя сёння прыняць усе адпаведныя рашэнні», – кажа старшыня канцэрну «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў.

Аператар беларускага ўчастку трубы – ААТ «Гомельтранснафта Дружба» – прапановаў па ачышчэнні нафтаправоду пакуль не каментуе:

«Усё кіраўніцтва ў Менску, і ўсе каментары дае прэс-служба канцэрну».

Канцэрн «Белнафтахім» ужо ацаніў свае страты на 100 мільёнаў долараў.

«Перш за ўсё, гэта кошт абсталявання, якое было выведзенае са строю. Гэта вельмі лёгка падлічыць, бо вядомая цана новага абсталявання, яно лічыцца вельмі добра. Па-другое, гэта страты, звязаныя са змяншэннем даходаў ад экспарту. Гэта страты ад змяншэння чыстага прыбытку прадпрыемстваў і страты бюджэту, звязаныя з гэтым», – каментуе эканаміст Яраслаў Раманчук.

Самы доўгі нафтаправод свету фактычна спыніў працу праз арганахларыд, які забрудзіў нафту на ўчастку 1400 кіламетраў. Канцэнтрацыя рэагенту, які выкарыстоўваюць, каб ачысціць нафту ад серы, перавысіла норму ў 30 разоў. У такой колькасці арганахларыд выклікае карозію. Нафту з «Дружбы» ужо перасталі прымаць Украіна і Польшча.

«Такі склад нафты мог аказацца там толькі ў выніку нядбайнасці тых асобаў, якія былі адказныя за першасную ачыстку сыравіны перад запампоўваннем яе ў нафтаправод», – кажа Генадзь Рабцаў, Эканамічны дыскусійны клуб (Кіеў).

Дзяржкампанія «Транснефть» абвінаваціла ў забруджванні прыватную фірму «Самаратранснефть-Терминал». Распачатая крымінальная справа. Якуб Вех, партал «ENERGETYKA 24.PL»:

«Хваля забруджанай нафты цяпер плыве праз Еўропу на Захад. Неўзабаве яна дойдзе да Вугоршчыны. Ключавое пытанне цяпер: ці дзяржавы, да якіх яна дабярэцца, будуць у стане абараніць інфраструктуру і апаратуру нафтаперапрацоўчых заводаў ад яе ўплыву».

Аператары нафтаправодаў маюць запасы паліва на 90 дзён, як таго патрабуе заканадаўства Еўразвязу. Інцыдэнт на «Дружбе» не стане для Захаду катастрофаю, але можа зменшыць давер да Расеі.

«Ніхто не хоча станавіцца залежным ад аднаго пастаўшчыка, калі той можа перастаць пастаўляць якасныя прадукты. Краіны будуць шукаць новыя крыніцы пастаўкі. Польскі «Orlen» хваліцца тым, што скараціў долю паставак з Расеі да 50 %», – дадае Якуб Вех.

Расея нярэдка выкарыстоўвае энергетычны аргумент у замежнай палітыцы, кажа Якуб Вех. Аварыі на газаправодзе «Ямал-Еўропа» адбыліся акурат напярэдадні саміту NATO у Варшаве ды візіту ў Польшчу Доналда Трампа.

Нафта ў «Дружбе» была забруджаная лічаныя дні пасля таго, як Лукашэнка прыгразіў Маскве закрыць нафтаправод на рамонт у адказ на блакаванне Расеяй імпарту беларускіх харчоў. І лічаныя дні пасля таго, як Масква заявіла, што не будзе пастаўляць паліва ва Украіну.

Аляксандр Папко, belsat.eu