Толькі 17 % кніг у Беларусі выдаюцца на беларускай мове


Знайсці і прачытаць цікавую інфармацыю ў наш час – проста і даступна ў інтэрнэце. Тым не менш друкаваная кніга ўсцяж застаецца папулярнай. Летась у Беларусі выдалі амаль 10 тысяч найменняў кніг і брашураў. 17 адсоткаў з іх – па-беларуску. Кнігі на роднай мове ахвотна набываюць, цвердзяць у выдавецтве, што спецыялізуецца перадусім на беларускамоўнай літаратуры.

«Мы існуем 10 гадоў. 10 гадоў альтруізмам жыць неяк так складана. Мы жывем як жывем, але трохі ёсць і прыбытак, бо, вядома, мы трохі і абсталяванне новае набываем, сапраўды новае, і сапраўды такое, якога няма, напрыклад, у Горадні», – кажа Аляксандр Рыжы, заснавальнік выдавецтва «ЮрСаПрынт».

Больш істотная праблема для выдавецтваў – распаўсюд кнігі. Фактычна манаполію на продаж у крамах мае «Белкніга». Прасцей сітуацыя выглядае з часопісамі, бо іх можна набыць па падпісцы. Паводле галоўнага рэдактара часопісу «Вясёлка», тыраж дзіцячых выданняў па-беларуску не саступае тыражам аналагічных расейскамоўных выданняў.

«Перад маймі вачыма прайшло не адно пакаленне дзяцей. Мяркуючы па тым, як выпісваюць «Вясёлку» нашу, як яе чытаюць, я магу сказаць: так, дзеці беларусаў чытаюць і хочуць чытаць», – Уладзімір Ліпскі, галоўны рэдактар часопісу «Вясёлка».

Паводле аналітыкаў сэрвісу Picodi.com, беларускія жанчыны чытаюць больш за мужчынаў. Летась хаця б адну кнігу набылі амаль 60 адсоткаў мужчынаў і каля 70-ці адсоткаў жанчын.

Тым не менш, нават у параўнанні з суседняй Расеяй у нашае краіне кніга гэтак і не стала адным з найбольш прадаваных тавараў у 2018-ым. Як часта і што чытаюць беларусы, мы пацікавіліся ў жыхароў Горадні.

«Дэкрэт. Зараз усе яго чытаюць».

«Апошняе, што я прачытала, – Крымінальны кодэкс».

«Спартовую прэсу чытаю, біяграфіі вядомых спартоўцаў. А так ужо мастацкія кнігі не чытаў даўно. Часу няма, працую з раніцы да вечара».

«Апошняе – Носава апавяданні дзіцячыя. Вось з-за дзіцяці».

Прага да чытання ў беларусаў у траўні – і сапраўды адна з самых нізкіх за ўвесь год. Цвердзяць вынікі трохгадовага даследавання Picodi.com. Утрая больш мы чытаем халоднымі і цёмнымі вечарамі – у лістападзе і снежні.

Юлія Лабанава, belsat.eu