Другія Еўрапейскія гульні – прагуляныя мільёны беларусаў


540 мільёнаў рублёў выдаткавала Беларусь на галоўную спартовую імпрэзу, паведаміў міністр фінансаў. Ці настолькі мы багатыя, каб больш за чвэрць мільярда долараў траціць на Гульні?

«Вазьмі Менск з сабою» – напісана на прапанаванай наведнікам Другіх Еўрапейскіх гульняў мапе. Унутры – пазначаныя годныя ўвагі аб’екты, сярод трох фактаў пра Менск – нічога пра стадыён «Дынама». Затое напісана пра будынак КДБ – што «Амерыканку» не пабачыце праз Google Earth.

Хаця з пункту гледжання фінансавага важна, каб турысты ведалі дарогу на пляцоўку Другіх Еўрапейскіх гульняў. Улады Беларусі выдаткавалі 540 мільёнаў рублёў на арганізацыю і правядзенне імпрэзы – паведаміў кіраўнік Мінфіну. Ці верне хоць частку?

Максім Ермаловіч, міністр фінансаў Беларусі:

«Па выніках II Еўрапейскіх гульняў мы зможам ацаніць, наколькі ўзрос гандаль, наколькі вырасла выкарыстанне паслуг, турыстычныя прыбыткі гораду. […] Калі з’явяцца гэтыя дадзеныя, мы будзем дакладна ведаць, колькі горад зарабіў».

Палова гульняў ужо за плячыма. Колькасць прададзеных квіткоў на траціну адстала ад плану – 160 тысячаў замест 250. І толькі кожны 8 квіток набылі замежнікі. Журналіст і блогер Віктар Малішэўскі падлічыў: каб гульні акупіліся, кожны замежнік мае «пакінуць» у краіне каля $ 8660!

З названай сёння Мінфінам сумы 40 % пакрылі крэдыты Банку развіцця. Рэшта – Br 266 млн – грошы падаткаплатнікаў.

«Можна за гэтыя грошы пабудаваць не такую, як для прэзідэнта ў Ждановічах, а шыкоўную гарадскую паліклініку, у Слонім на паліклініку можна грошы аддаць, у іх там аўрал», – кажа спартовы журналіст Уладзімір Даўжэнка.

У краіны таксама ёсць: 567 тысячаў людзей з інваліднасцю, 160 тысяч – шматдзетных з нізкімі прыбыткамі, паўмільёна з 9 мільёнаў жывуць за рысаю беднасці. Міністр фінансаў супакойвае – спартовая імпрэза акупіцца:

«Гэта складана ацаніць у грошах, але гэта значна пашырае інвестыцыйную прывабнасць краіны. […] Такія маштабныя мерапрыемствы вельмі моцна спрыяюць таму, каб адкрыць краіну».

Ці прыйдуць інвестары – судзіць рана, а вось топавых спартоўцаў на спаборніцтвы прывабіць не ўдалося.

«Еўрапейскім Алімпійскім камітэтам для правядзення гэтых гульняў удаецца знайсці зацікаўленых толькі сярод дыктатарскіх рэжымаў, якія выкарыстоўваюць гэтую гучную назву «Еўрапейскія гульні» выключна для сваёй электаральнай кампаніі», – тлумачыць эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Еўрапейскія гульні – гульні другога-трэцяга разраду, сярод відаў спорту – не ўсе алімпійскія.

«Мы ж ведаем, што лёгкая атлетыка самая медаляёмістая галіна спорту, таму не важна, што тут балбоча кіраўніцтва. Калі казаць пра грошы, то безумоўна высмоктвалі са спонсараў – прымушалі, і тыя мусілі даваць», – гаворыць спартовы журналіст Уладзімір Даўжэнка.

Цырымонія адкрыцця атрымалася, але будзь у беларусаў магчымасць выбіраць, куды накіраваць грошы…

«Не хапае абсталявання медычнага, у галіне адукацыі – у выкладчыкаў нізкія зарплаты».

«Не можам сабе такія выдаткі дазволіць, лепш бы пенсіянерам далі годную пенсію».

«Нармалёвыя краіны адмаўляюцца ад такіх фарматаў, ад такіх гульняў, бо гэта лішнія выдаткі нікому не патрэбныя».

«Гэта не нам вырашаць, колькі марнаваць, выдаткавалі і патрацілі», – кажуць жыхары Менску.

Што зрабілі – застанецца, што паабяцалі – ці збудзецца?

На фоне напаўпустых трыбунаў міністр кажа пра невылічальна вялізны імідж краіны ў вачах замежнікаў… Але як пераканаць у гэтым іміджы сваіх людзей, у якіх забралі мільёны? Абы не апынулася, што пагулялі, прагулялі, як праядаем крэдыты…

Юлія Цяльпук, belsat.eu