Другая смерць у беларускім войску за тры дні


Другая смерць у беларускім войску практычна за тры дні. Зноўку афіцыйная версія пра самагубства з асабістых прычынаў. Міністэрства абароны і Следчы камітэт праводзяць праверку ў справе смерці Сяргея Ясюкевіча – вайскоўца з Гарадзенскага гарнізону, знойдзенага мёртвым у лесе. І гэта на фоне суда ў іншай гучнай справе – гібелі ў вайсковай частцы Печы жаўнера Аляксандра Коржыча. Пытанні два: якія прычыны, і калі ў мірны час перастануць гінуць вайскоўцы?!

Паводле Міністэрства абароны, 8 верасня каля 18 гадзіны ў лясным масіве знайшлі цела вайскоўца адной з частак Гарадзенскага гарнізону, які 5 верасня пакінуў частку і быў у вышуку. Сяргей Ясюкевіч – гэтак звалі загінулага – пакінуў перадсмяротную запіску, з якой стала зразумела, што ён здзейсніў самагубства з асабістых прычынаў. Ігар Дрозд, стрыечны брат Сяргея Ясюкевіча:

«Два месяцы яму заставалася, я не веру ў самагубства. Я з ім перапісваўся, камунікаваў. Нічога такога ён на казаў. Ён спакойны быў. Не ведаю, што яго… Тое, што кажуць на дзяўчыну, – не ў дзяўчыне справа».

Сяргей Ясюкевіч двойчы быў пад судом за крадзеж, пакаранне адбываў на вольным пасяленні. У 25 гадоў пастанавіў пайсці служыць у войска, каб застацца там па кантракце. Праслужыць паспеў толькі 16 месяцаў тэрміновай службы. Раней сястра загінулага паведаміла, што ён прасіў яе пераводзіць розныя сумы грошай на карткі невядомых людзей.

«Дзедаўшчына. Мне здаецца, што яго там проста зневажалі. Чалавек проста так не пойдзе вешацца. Мне здаецца, што яго там зневажалі, і ён сышоў» – расказвае стрыечны брат Сяргея Ясюкевіча Ігар Дрозд.

Паводле адмыслоўцаў, барацьба з пазастатутнымі дачыненнямі ў войску нагадвае сітуацыю ў барацьбе з карупцыяй – не зважаючы на гучныя справы і разносы сярод дзяржаўных службоўцаў, сітуацыя практычна не змяняецца. А як бачыцца выхад з сітуацыі звычайным беларусам? Меркаваннем падзяліліся жыхары Менску:

«Стараслужачыя мусяць ставіцца да маладых з большаю дабрынёй».

«Салдаты прыходзяць у войска адкуль? Са свецкага жыцця. Як мы выхавалі нашых салдатаў, такімі яны і прыйшлі. Трэба шукаць праблемы да моманту, як чалавек трапіў у армію».

«Мне здаецца, гэта агульная праблема грамадства».

«Усё-такі гэта кіраўніцтва армейскае правакуе такую сітуацыю, такія ўмовы».

Вайсковае кіраўніцтва краіны акцэнтуе ўвагу на неабходнасці палепшыць псіхалагічную ды ідэалагічную працу з асабовым складам. Аднак, на меркаванне адмыслоўцаў, вайсковым псіхолагам складана надаць увагу асобна кожнаму з службоўцаў – як з прычыны іхнай вялікай колькасці, гэтак і з неабходнасці серыі сустрэчаў, каб знайсці індывідуальны падыход. Таму часцей за ўсё праца вайсковага псіхолага ператвараецца выключна ў фармальнасць – няма аб’ектыўных крытэрыяў яе ацэнкі.

«Чаму не прызнаюцца ў дзедаўшчыне салдаты псіхолагу, да якога іх прыводзяць? Бо саромеюцца, бо не ўмеюць звярнуцца па псіхалагічную дапамогу, бо не могуць дапамогу прыняць – гэтаму ў школе не навучылі? Ці таму што не вераць вайсковаму псіхолагу? Бо вайсковы псіхолаг – гэта перш за ўсё вайсковец – частка гэтай сістэмы, якая проста асуджае і здзекуецца з салдата» – тлумачыць псіхолаг Людміла Мірзаянава.

Менавіта самую сістэму, якая пануе ў беларускім войску, адмыслоўцы і лічаць асноўнаю прычынаю трагедыяў. Каментуе Андрэй Бандарэнка, праваабарончая ініцыятыва «Платформа»:

«Кланавая вайсковая сістэма, дзе ў асноўным кіроўныя пасады займаюцца з вобласці кум-сват-брат ці знаёмы. Адпаведна, змяніць гэтую сітуацыю можна толькі пасля таго, як у арміі будзе праведзеная паўнавартасная рэформа, і ў кіраўніцтва войска прыйдуць сапраўдныя прафесіяналы».

Улічваючы вялікую ўвагу, якая прыцягнутая да праблемы пазастатутных стасункаў у беларускім войску, варта чакаць нейкіх кадравых рашэнняў ад кіраўніцтва дзяржавы. Аднак, як паказвае практыка, пошук крайняга – гэта далёка не развязанне ўсіх праблемаў.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа: Viktor Drachev / TASS / FORUM