Другая хваля наступіла: у беларускія школы вярнуўся каронавірус


Колькасць захварэлы на каронавірус ў Беларусі расце штодня. Але як і ўвесну школы аніхто не закрывае. Як з пандэміяй спраўляюцца навучэнцы і іхныя бацькі?

Антысептык, захаванне дыстанцыі, нашэнне масак – такія спосабы не сустрэцца з каронавірусам ведае чацвёртакласнік Аляксей Праманенкаў.

«Дзеці не ўсе, але захоўваюць дыстанцыю. Многія проста яе не выконваюць. Становяцца ў вялікую кучу. Настаўнікі заўсёды кажуць: памыйце рукі, апрацуйце іх антысептыкам. Або ўсё разам», – расказвае Аляксей.

Міністэрствы адукацыі і аховы здароўя распрацавалі рэкамендацыі для вучэбнага працэсу ва ўмовах распаўсюду каронавіруса. Але дзеці працягваюць хварэць. Зрухаў у развіцці дыстанцыйнага навучання таксама не адбылося, нягледзячы на тое, што ў мінулым навучальным годзе чацвёртая чвэрць фактычна не была вучэбнай.

«У нас дыстанцыйнае навучанне не наладжана. Няма ніякіх навучальных ролікаў, каб уключыць ім хоць бы па раскладзе, па распарадку нейкаму», – дзеліцца думкамі Аксана Праманенкава, маці Аляксея.

Адзінае, што застаецца бацькам, – навучаць дзяцей правілам гігіены, кантраляваць стан здароўя і спадзявацца, што «пранясе», кажа Аксана. Але нават простыя рэкамендацыі выконваюцца не ва ўсіх школах. У 90-й школе захварэла настаўніца матэматыкі, за ёй – некалькі дзяцей.

«Узялі тэсты ва ўсіх. У пятніцу паведамілі, у каго станоўчыя, адмоўныя. Праз два дні, атрымліваецца. Шэсць дзяцей у нас былі станоўчымі. А ў панядзелак патэлефанавалі адмоўным і сказалі забраць у рэгістратуры даведку, што вы здаровыя і можаце ісці ў школу. А яшчэ праз два дні патэлефанавалі станоўчым і сказалі тое ж самае», – расказвае маці сямікласніцы Кацярына Вайцяшонак.

Бацькі дзяцей са станоўчым тэстам бралі адгулы, каб не вадзіць дзяцей у школу. Кацярына кажа, што адзінае, што робяць у іхнай школе для перадухілення інфікавання, – не пускаюць бацькоў у школу. Настаўнікі, са словаў дзяцей, працуюць без масак, а дзеці не ведаюць, дзе размяшчаюцца санітайзеры.

«Яны ходзяць па класах, ходзяць у сталовую, дзяжураць там. Ходзяць на фізкультуру. Усё як звычайна. Маюць зносіны з іншымі класамі. Са сваім класам», – кажа Кацярына Вайцяшонак.

Бацькі школьнікаў яшчэ ў верасні казалі, што школы не гатовыя да новай хвалі пандэміі. Сёння аб праблеме гавораць ужо і настаўнікі. Праўда, адкрыта на камеру – адмаўляюцца. У 66-й менскай школе, напрыклад, хварэюць больш за палову педагогаў, але кажуць пра гэта толькі на ўмовах ананімнасці. Мы пагаварылі з настаўніцай адной з менскіх школаў, у якой да сярэдзіны кастрычніка ўжо чатыры класы сыходзілі на каранцін. І адзінай абаронай педагога ў гэтай сітуацыі застаецца маска.

«Маску трэба мяняць кожныя дзве гадзіны, і калі я буду купляць маску за свае грошы, у мяне ўся зарплата сыдзе. Не на ўзроўні школы, гэта на ўзроўні дзяржавы павінны прымацца меры. Пакуль яшчэ масава не злеглі, я не ведаю, трэба неяк дзяўбці міністэрства, каб уводзілі дыстанцыйнае навучанне», – кажа настаўніца Вольга (імя змененае).

Унікальных парадаў ва ўмовах, калі дзеці мусяць хадзіць у школу, а элементарныя рэкамендацыі для перадухілення захворвання не выконваюцца, не дае і эксперт.

«Навучыць правілам супрацьвіруснай гігіены. Каб дзіця заўсёды мыла рукі. Каб не чапала лішні раз твару. Каб насіла маску не здымаючы ў людных месцах. І карыстаўся нават пальчаткамі», – падказвае кандыдат медычных навук Аляксандр Сыкала.

Нядаўна Міністэрства аховы здароўя змяніла правілы вызначэння кантактаў першага ўзроўню – тых, каму даюць бальнічны. Сярод школьнікаў на каранцін разам з хворым сыдзе толькі сусед па парце, астатнія дзеці працягнуць хадзіць на заняткі.

Алена Дубовік, belsat.eu