Дрэвы, што пасадзілі да прыезду Лукашэнкі, ужо знішчаюць


Віцебск сёлета глабальна азелянілі: з ініцыятывы ўладаў пасадзілі каля 10 тысяч дрэваў. Зялёных зонаў асабліва не хапала ў мікрараёне Білева, які амаль поўнасцю складаецца з жылых шматпавярховікаў. Днямі жыхары заўважылі, што пасаджаныя дрэвы – знішчаныя.

Улетку пасадзілі дрэвы, а ўжо ўвосень знішчылі, каб на іх месцы пачаць будоўлю. Падзеі ў мікрараёне Білева ў Віцебску прыцягнулі ўвагу мясцовых жыхароў:

«Так, дрэваў шкада. Шкада чалавечай працы на добраўпарадкаванне раёну».

«Аніякай лагістыкі, калі саджаюць дрэвы, а пазней пачынаюць будоўлю. Я не ведаю, як гэта «наверсе» прымалася, але гэта няслушна».

«Дрэнна! Не эканомяць сродкаў ды людзей не паважаюць».

«Што я думаю. Думаю, што ў нас робяць што захочуць. Вось што я думаю».

Тэрыторыю ўздоўж Маскоўскага праспекту добраўпарадкавалі перад «Славянскім базарам» – акурат да прыезду Лукашэнкі.

«Хацелася б звярнуцца да гарадскіх уладаў: калі ж мы скончым такое бессэнсоўнае марнатраўства бюджэтных грошай? Бо спачатку ідзе добраўпарадкаванне, а затым будаўніцтва. Бо павінна быць наадварот. Калі ўжо і вырашылі зрабіць там будоўлю, то, калі ласка, выкапайце тыя дрэвы і перасадзіце іх», – гаворыць Ірына Захарава, грамадзянская кампанія «Віцебск – горад наш».

Хто адказны за працы і што ўвогуле тут будуюць, даведацца не так проста. Пашпарту аб’екту тут няма. Адказаць на нашае пытанне не змаглі і ў Віцебскім гарвыканкаме. Начальнік аддзелу архітэктуры і горадабудаўніцтва Ігар Кадушка назваў сітуацыю дзіўнай, але абяцаў у ёй разабрацца.

«Можа, нехта з будаўнікоў заехаў і зламаў – такое магчыма. Заўтра буду праязджаць, абавязкова пагляджу. Але ўвогуле саджаць дрэвы там, дзе павінна быць будоўля, – такога быць не павінна. Бо мы вельмі адказна ставіліся: нідзе пад «плямы забудовы» дрэваў не саджалі, каб пазней іх не вырываць», – кажа Ігар Кадушка, аддзел архітэктуры і горадабудаўніцтва.

Тым часам будоўля-прывід працягваецца. Часткова маладыя дрэвы на яе тэрыторыі захаваліся, аднак іх ужо завалілі будаўнічым смеццем.

Міхась Ільін, belsat.eu