Дрэвам няма і двух гадоў. У жодзінскім мікрараёне высякаюць алею


Гэтыя сасновыя прысады паўтара года таму пасадзілі піянеры Жодзіна. Тады мясцовыя газеты пісалі, што алея будзе ўпрыгожваць горад і праз гады.

Аднак ўлады гораду пастанавілі, што Жодзіна больш не трэба гэтага зялёнага ўпрыгажэння, і маленькія дрэвы проста зрэжуць, а на іх месцы, паводле нядаўна зацверджанага генплану, пабудуюць гандлёвы цэнтр, кавярню і станцыю тэхабслугоўвання.

Самая сітуацыя – абсурдная, кажуць мясцовыя жыхары.

«Згодна з адказам нашага гарвыканкаму летам 2018 г. яны ўжо ведалі, што тут будзе будаўніцтва СТА, кавярні. Але тым не менш усё роўна было дазволена высадзіць тут у рамках экалагічнай акцыі «Піянерскія сосны» сасновую алею», – расказвае Жанна Аніскевіч, жыхарка 8-га мікрараёну.

І пад пагрозаю не толькі сасновая алея. Жыхары кажуць, што знішчаць пачалі і адзіны мясцовы лесапарк.

«Наш адзіны выхад – вось, лес. Мы сюды выходзім, ездзім на т’юбінгах, на санках, мы тут гуляем», – распавядае Таццяна Уласава, жыхарка 8-га мікрараёну.

Дар’я Лабаноўская, жыхарка 8-га мікрараёну, пагаджаецца са словамі суседкі: «Калі гэтага лесу не будзе, то я не ведаю, чым мы будзем дыхаць. БелАЗ – велізарны завод. Яшчэ ў нас кузня, яшчэ «Світанак». Прадпрыемстваў вельмі шмат, а дрэваў вельмі мала».

Жыхары 8-га мікрараёну напісалі зварот у гарвыканкам з надзеяй, што лес і маладую алею ўдасца ўратаваць. Адказу ад чыноўнікаў яшчэ не было, а дрэвы ўжо пачалі знішчаць.

«Вось гэтыя дрэвы былі высечаныя. Згодна з дакументам, які выдаў гарвыканкам, нібыта дрэвы былі хворыя, але мы знялі на відэа, што дрэвы былі здаровыя. Маладыя бярозкі і асінкі, хвойкі маладыя. Відаць, што ствалы ўсе здаровыя, ніякіх пашкоджанняў», – расказвае Жанна Аніскевіч.

У гарвыканкаме высяканне дрэваў каментуюць коратка: «У нас ёсць генплан гораду, і гэтая ўся частка пад забудову рознага тыпу, гэта значыць, што не прадугледжанае там захаванне зялёных насаджэнняў».

Але жыхары сцвярджаюць, што ніхто з іх пра абмеркаванне генплану не ведаў.

«Зялёная зона ў генплане абавязкова павінна быць. Рэгулюецца яна ў адпаведнасці з колькасцю людзей, якія пражываюць у пэўным месцы. На мой пагляд, пры пэўнай актыўнасці можна паўплываць на генплан і зрабіць так, каб людзей пачулі і іх думкі і меркаванні ўлічваліся», – каментуе Антон Зуховіч, архітэктар.

Жыхары плануюць і далей актыўна бараніць дрэвы і ўжо пачалі збор подпісаў па ўсім раёне.

Алена Дубовік, «Белсат»