Аб'ектыў 29.06.2017 Доўг Беларусі катастрафічна вырас. Куды ідуць грошы?


«Мы пакляліся, што за 5 гадоў вырашым праблему пазык. Разлічымся са старымі і ніколі ня будзем браць новых», – абяцаў Лукашэнка два гады таму.

З тых часоў дзяржаўная запазычанасць нашай краіны павялічылася на $ 2 млрд., – з 17-ці ў 2015-ым годзе, да 19-ці на 1-га траўня сёлета.

Дзяржаўная запазычанасць складае 40% ад абʼёму эканомікі

Але самае галоўнае – рэзка расце кошт абслугоўвання гэтых крэдытаў. Калі ў 2015-ым годзе, на момант абяцання Аляксандра Лукашэнкі болей не пазычаць, Беларусь выдаткоўвала на адсоткі па дзяржаўных крэдытах кожны 25-ты бюджэтны рубель, то летась ужо – кожны дзясяты. Сёлета на выплату адных толькі адсоткаў па ўзятых раней крэдытах ідзе 17% ад бюджэтных выдаткаў. Як заявіў раней сёлета віцэ-прэмʼер Васіль Мацюшэўскі, гэта – больш, чым траціцца на медыцыну, адукацыю і міліцыю разам узятых.

Цяпер уладам прыходзіцца браць новыя крэдыты, ня толькі для таго, каб аддаваць старыя, але і для таго, каб плаціць па адсотках. Выйсце з гэтай фінансавай піраміды – замена дарагіх крэдытаў на танныя – каб знізіць выдаткі на выплаты па адсотках і пачаць адкладаць на вяртанне старых даўгоў.

Танныя пазыкі выдаюць міжнародныя стабілізацыйныя фонды

Гэтак кіраўнік стабілізацыйнай праграмы Еўразійскага фонду з Беларуссю Алішэр Мірзоеў паведаміў, што фонд цяпер разглядае магчымасць павялічыць суму стабілізацыйнага крэдыту выдзеленага раней Менску.

Але ўмова выдзяленне танных крэдытаў на выплату дарагіх – структурныя рэформы, якіх Менск, паводле ЕФСР ня чыніць. Летась Еўразійскі фонд з-за гэтага затрымаў выплату трэцяга траншу крэдыту. Пасля палітычнай угоды Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным, фонд адклаў тэрмін выканання згаданых рэформаў на пазнейшы тэрмін – да атрымання шостага і сёмага траншу крэдыту. Цяпер, нагадаем, быў атрыманы чацвёрты. Перамовы з Міжнародным валютным фондам застылі на мёртвай кропцы яшчэ з 2014-га году.

У прэс-рэлізе Еўразійскага фонду станоўча адзначаюцца высілкі ўладаў па фінансавай стабілізацыі. Але, паводле спадара Мірзоева, без структурных рэформаў гэта – прытарможванне адмоўных працэсаў, а не разварот тэндэнцыі.

Станіслаў Івашкевіч, Менск, фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары