Долар па два рублі. Што адбываецца і чаго чакаць далей?


Чарговая псіхалагічная мяжа пройдзеная. Долар, які рос амаль два тыдні, у айчынных абменніках каштуе ўжо больш за Br 2. Што адбываецца ды чаго беларусам чакаць далей?

Чарговы рэкорд пабіў і еўра, які цяпер каштуе Br 2,37

«З беларускім рублём наагул нічога не адбываецца. Кошт валютнага кошыку вагаецца ў межах плюс 5 % да ўзроўню пачатку года на працягу ўжо некалькіх тыдняў. Пры гэтым мы бачым актыўныя хвалі ў асобных валютах, і гэта вынік таго, што адбываецца на вонкавых рынках», – тлумачыць эканаміст Вадзім Іосуб.

Адметна, што долар даражэе на кожных гандляваннях яшчэ з канца кастрычніка. Што праўда, айчынная валюта працяглы час дастаткова ўпэўнена трымала высокія пазіцыі. Цяпер жа, паводле адмыслоўцаў, адбываецца рост долара да расейскага рубля ў Расеі – у першую чаргу з улікам заходніх санкцыяў супраць Крамля ды чакання новых эканамічных абмежаванняў. З улікам таго, што айчынны кошык валютаў прывязаны да расейскай валюты, у Беларусі і адбываецца рост курсу долара і еўра ды зніжэнне курсу расейскага рубля.

Дык што, у дэвальвацыі вінаватая Расея?

«На ўзроўні чутак ідуць актыўныя размовы пра тое, што некаторым буйным расейскім кампаніям да канца года давядзецца сплочваць буйныя валютныя пазыкі, і таму зараз яны заўважна гэтую валюту набываюць. Як доўга працягнуцца гэтыя фактары, сказаць немагчыма, а таму і вельмі цяжка даць прагноз адносна беларускага рубля», – кажа спадар Іосуб.

Сёлетні рост амерыканскай валюты да расейскага рубля ў суседняй краіне ідзе паралельна з ростам долара да беларускае валюты, а гэта сведчыць пра тое, што айчынны рубель штучна не стрымліваюць, а, значыць, не варта чакаць разавай дэвальвацыі або ўвядзення падатку на набыццё валюты, як гэта ўжо здарылася ў канцы 2014-га года.

Адмыслоўцы раяць прытрымлівацца прынцыпу дыверсіфікацыі

Кажучы моваю фінансаў, адную траціну ашчаджэнняў варта захоўваць у еўрах, яшчэ адную – у доларах, і астатнюю частку – у беларускіх рублях. Прычым эканамісты падкрэсліваюць: не важна як, стаўкі па дэпазітах знізіліся, а таму айчынную валюту можна захоўваць і наяўнымі.

Віталь Бабін, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum