Доктар распавёў, калі чакаць сапраўдны пік захворванняў на каронавірус

Услед за Магілёвам – Асіповіцкі і Полацкі раёны, Гомельшчына, Бабруйск. Прынамсі там улады Беларусі пастанавілі ўвесці абавязковы масачны рэжым. Прыкрываць нос і рот трэба будзе ўва ўсіх грамадскіх месцах, дзе праблематычна забяспечыць сацыяльную дыстанцыю. Гэта крамы, банкі, аптэкі, грамадскі транспарт.

«Калі гэта дае хаця б мінімальны эфект, то гэта, безумоўна, трэба ўжываць. Тым больш у наш час, калі даводзіцца разлічваць на самых сабе».

«Глядзіш, усе ходзяць без масак. Ніхто не кантралюе. Гэта вельмі правільна».

«Як у Гогаля было ў творы «Шынель». Акакій Акакіевіч захварэў, прыйшлі дактары, прапісалі прыпаркі, але не дзеля таго, каб вылекаваць, а каб не застаўся без дапамогі медыцыны. Так і нагадвае дзеянні нашага…»

У Берасці ж на месяц адмянілі ўсе масавыя імпрэзы ў памяшканнях. Абмежавалі і працу забаўляльных установаў. Зачыненымі пасля 23-яй гадзіны будуць рэстараны, бары, дыскатэкі, клубы.

– Добра, што адмянілі. Дзе больш людзей – больш каронавіруса збіраецца.

– Сярод вашых знаёмых ёсць захварэлыя?

– Ёсць, у сяброўкі сястра памерла. Учора пахавалі.

«Гэта ўсё ж такі правільна, трэба засцерагацца, вельмі шмат смерцяў, вельмі шмат захворванняў».

«Уначы і гэтак людзі практычна не ходзяць адпачываць, таму, мне здаецца, гэта бессэнсоўныя захады. Трэба нейкія абмежаванні ўдзень ставіць. Бо асноўная маса людзей перасоўваецца ўдзень. Гэта і работа, і школа, і дзіцячыя сады».

У сталіцы для лекавання каронавіруса часткова перапрафілявалі гінекалагічную больніцу. Менавіта для пацыентаў з Ковідам-19 аддалі 160 ложкаў. Пры гэтым стацыянарна ў Менску лекуюць яшчэ ў дзевяці шпіталях. Ці дастаткова падрыхтаваныя да другой хвалі айчынныя медычныя ўстановы?

«У адрозненне ад Еўропы, у нас дастатковы ложкавы фонд, і гэты фонд перапрафілюецца. Дактары нашыя, я лічу, самыя разумныя ў свеце, яны хутка навучаюцца, перапрафілююцца і аказваюць дастатковую дапамогу. Гэта пры ўмовах, што дактароў не будуць хапаць і саджаць у пастарункі», – кажа доктар Сяргей Божык.

Калі ложкавага фонду хапае, то адмыслоўцаў – не заўжды. У Наваполацку чарга людзей у паліклініку з тэмператураю ды іншымі прыкметамі Ковіду-19 сёння раніцай утварылася нават звонку. Колькасць новых хворых па краіне за содні толькі афіцыйна пераадолела адзнаку ў тысячу асобаў. Сапраўдны ж пік захворванняў доктар Сяргей Божык прагназуе ў снежні і студзені.

«Гэтая хваля будзе яшчэ больш цяжкая для нас, бо тады гэтая хваля ішла ў траўні–чэрвені, было лета, гэта было сонца, выпрацоўка вітаміну D, большы дзень, настрой іншы, лепшы, а цяпер мы ідзём на кароткі дзень, авітаміноз, у нас у Беларусі недастатковая колькасць ёду», – кажа доктар Сяргей Божык.

У адрозненне ад першай хвалі пандэміі каронавіруса, цяпер улады Беларусі праблему быццам прызнаюць. Прынамсі эпідэмічнаю сітуацыяй Аляксандр Лукашэнка тлумачыць закрыццё межаў з Украінаю, Польшчаю, Літвою ды Латвіяй. Тым не менш, сёння ён ізноў назваў каронавірус псіхозам.

Юлія Лабанава belsat.eu

Глядзі таксама