Докшыцы: як ізалююць «кантакты першага ўзроўню»


Быў дзіцячы аздараўленчы лагер – стаў ізалятар. Дзіцячы садок, які месціўся пад адным дахам і меў асобны ўваход, зачынілі, а працаўнікоў адправілі ў адпачынак за свой кошт. Менавіта сюды, у вёску Вітунічы, прывозяць людзей, якія кантактавалі з хворымі на «Ковід-19» у Докшыцкім раёне.

«Нічога ня ведаем, званіце ў адміністрацыю», – кажа працаўніца лагера.

Нічога не ведаюць і людзі, якіх сюды прывезлі. Паводле іх, санстанцыя загадала сабрацца цягам гадзіны, яшчэ больш за гадзіну іх вазілі ў непрыстасаванай да ізаляцыі машыне.

«Ніякіх аналізаў, ніхто нічога не браў, проста прывезлі незразумела куды, дакументаў ніякіх не паказалі», – распавядае прывезены жыхар Докшыцаў.

Паводле прадстаўнікоў докшыцкай санстанцыі, усе прывезеныя – «кантакты першага ўзроўню», то бок хворыя на каронавірусную інфекцыю ёсць у іхных семʼях.

«Мы іх ізалюем сюды, створаныя ўсе ўмовы, тут ёсць медык, увесь персанал, будзе арганізаванае харчаванне. На гэта маюцца ўсе дакументы, проста мы ў экіпаванні адпаведным, з сабой дакументы ніякія не возім», – тлумачыць Вацлава Галінская, памочніца эпідэміёлага Докшыцкага РЦГЭ.

Паводле прадстаўніцы санстанцыі, праца трывае ўжо не першы дзень і пра ізаляцыю людзей папярэдзілі яшчэ ўчора. Але менавіта стаўленне да іх медычных службаў найбольш абурыла прывезеных:

«Псіхалагічную такую траўму нанеслі дзіцяці: яна дзве гадзіны сядзела ўдома плакала».

«Усе працаўнікі далі інтэрвʼю толькі вам, у машыне ўсе былі нямыя».

Медыкі адзначаюць, што кантраляваная ізаляцыя патэнцыйна інфікаваных прадоўжыцца сем дзён, яшчэ тыдзень будзе трываць ізаляцыя паводле месца жыхарства. Жыхары Вітунічаў новым суседзям не радыя, бо баяцца заразіцца:

«Навошта? Калі ласка, лячыце ад чаго заўгодна. Але ў мяне таксама тут дзеці, у мяне мама, сямʼя, я сам жыць хачу».

Колькі хворых на «Ковід-19» у Докшыцах, невядома: сітуацыю не каментуюць ні прадстаўнікі больніцы, ні райвыканкаму. Мала інфармацыі і ў мясцовых жыхароў:

«Выбух ёсць захворвання, але што на кожным кроку – не пацверджана, мае ж нейкімі аналізамі пацвярджацца».

«Кажуць, што ў больніцы хварэюць, а як насамрэч – ніхто не ведае».

«З пнеўманіяй за апошні тыдзень сем чалавек у больніцу паклалі», – кажуць жыхары Докшыцаў.

Але ў аптэцы ёсць і антысептык, і маскі. Чаго не скажаш пра Віцебск, дзе масак, пальчатак і касцюмаў няма нават для медыкаў у больніцах. Валанцёры з Віцебску па дапамогу ездзілі ў Менск, дзе па агулавых складах збіралі патрэбныя рэчы.

«У медычныя ўстановы мы прывезлі бахілы, халаты, пальчаткі, рэспіратары, акуляры. У Віцебску зарганізавалі шыццё ахоўных камбінезонаў для лекараў, у якія можна апрануцца з ног да галавы», – распавядае валанцёр Павел Левінаў.

Менскі гарвыканкам зацвердзіў план прафілактыкі хваробаў. Цяпер у сталіцы нельга ладзіць масавыя імпрэзы, дзеці могуць не наведваць садкі ды школы, а ў грамадскім транспарце і падʼездах жылых дамоў будзе праводзіцца абавязковая дэзынфекцыя. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ў сваю чаргу стварыла фонд дапамогі медыкам, якія захварэюць на «Ковід-19».

Ірына Дарафейчук, «Белсат»