Дохне рыба ў рацэ Віцьба


Брудная вада, у якой плавае дохлая рыба. Гэта Віцьба ў цэнтры Віцебску. Некаторыя эколагі вінавацяць у масавым заморы высокую тэмпературу паветра і плыткасць рэчкі.

«Праз тое, што вады невысокі ўзровень, водарасці пачынаюць актыўна размнажацца, сіне-зялёныя водарасці, якія спажываюць кісларод і накопліваюць зялёную масу. Пасля яна раскладаецца і выпрацоўвае вуглякіслы газ, то бок у вадзе недахоп кіслароду, і праз гэта адбываецца мор рыбы», – распавядае Сяргей Калаткоў, каардынатар «Зялёнага дазору» у Віцебску.

У абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя гэтую версію пацвярджаюць лічбамі. Пётр Дук, Віцебскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў:

«Утрыманне кіслароду было ў раёне рэстарану «Паўночная сталіца» 0,9 міліграмаў на літр пры норме больш за шэсць. Але мы адбіралі пробы ўчора, вынікі яшчэ не гатовыя, але папярэдне кажуць, што кісларод падвышаецца. Сітуацыя нармалізуецца, але яна нармалізуецца ў натуральных умовах».

Некаторыя віцябляне мяркуюць, што прычына замору рыбы можа быць і іншая, ды размяшчаюць у сацсетках здымкі, як у раку сцякае невядомая вадкасць зялёнага колеру. Гараджане думаюць, што рыбу мог атруціць нейкі выкід. Каардынатар «Зялёнага дазору» Сяргей Калаткоў тлумачыць, што фота яшчэ не ёсць доказам забруджвання:

«У першую чаргу, калі вы ўбачылі, як на фотаздымку, штосьці незразумелае і неўласцівае для прыроды, трэба ўзяць невялікую ёмістасць і набраць вады, каб аддаць на экспертызу, гэта тое, што можа зрабіць чалавек. Другое – паведаміць у экалогію і выклікаць на гэтае месца эколагаў ці падключыць «Зялёны дазор».

Каб дапамагчы рацэ аднавіцца, трэба абкасіць берагі ды тэрмінова пачысціць раку, каб не працягвалася раскладанне водарасцяў і рыбы. Ці плануюць такія захады гарадскія ўлады, даведацца не ўдалося, бо праз тэлефон кіраўнік гарадской інспекцыі прыродных рэсурсаў недасяжны, а ў прыёмнай тлумачаць, што ён на нарадзе.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu