Дні Святога Губэрта ў Горадні: што за традыцыя, і пры чым тут алень?


Штогод актыўныя гарадзенцы на пачатку лістапада цэлы тыдзень адзначаюць Дні Святога Губэрта. Адкуль пайшла традыцыя святкавання, і пры чым да гэтага свята алень?

На ўездзе ў Горадню – вялікая штучная фігура аленя. Гэта ж сімвал гораду: на гарадскім гербе змешчаны алень святога Губэрта, нябеснага апекуна не толькі Горадні, але і паляўнічых.

Юрый Гардзееў, доктар гістарычных навук, распавядае:

«Гэты герб быў фактычна нададзены яшчэ каралевай Бонай у 40-я гады 16 стагоддзя. Некаторыя лічаць, што гэта было звязана з тым, што вакол гораду было шмат гаёў і пушчаў, і можна было хадзіць на паляванне. Зрэшты, раскопкі гэта пацвярджаюць».

Дзень святога Губэрта адзначаецца 3 лістапада. Тады ж у Горадні стартуе тыднёвы марафон імпрэзаў. Гэтай традыцыі – ужо каля 30 гадоў. Гісторыя святкаванняў звязаная з вяртаннем гораду гістарычнага гербу. Напрыканцы 1980-х краязнаўцам удалося пераканаць улады прыняць гістарычны герб замест савецкай версіі.

«Зразумелі, што гэты герб не адпавядае вось той рэальнасці, што існуе на сённяшні дзень. Горад наш павінен мець сапраўдны гістарычны герб. Да яго вярнуліся, стварылі ўжо такі аргкамітэт спецыяльны з дасведчанымі людзьмі, і 1 кастрычніка 1990 года афіцыйна гарвыканкам ці гарадскія ўлады зацвердзілі герб, якім мы карыстаемся па сённяшні час», – кажа краязнаўца Алесь Госцеў.

З таго часу на пачатку лістапада заўсёды арганізоўваліся сустрэчы, лекцыі, выставы, пэўны час нават ладзілі музычны фестываль – усё, каб зацікавіць гарадзенцаў гісторыяй роднага гораду. Алесь Сураў, мастак, дызайнер:

«Пастанавілі не толькі збірацца і, як кажуць, мянташыць языком там дзесьці, але паказваць сваю працу і правакаваць людзей творчых і не толькі, каб яны, кожны на сваім месцы, рабілі нешта харошае для гораду».

Ва ўладаў свята не знайшло падтрымання, таму і па сённяшні дзень святкаванне Дзён святога Губэрта ладзіцца актыўнымі гарадзенцамі. Неад’емнай часткай падзеі стала прэзентацыя «Гарадзенскага гадавіка» – зборніку аб гісторыі гораду, а таксама гістарычная навуковая канферэнцыя, якая ў гэтым годзе прысвечаная памяці гісторыка Вольгі Сабалеўскай. Фінішуюць урачыстасці 8 лістапада ўручэннем штогадовай прэміі імя Юзафа Ядкоўскага – за актыўнае даследаванне гарадзенскай гісторыі.

Мікола Дзямідаў belsat.eu