«Для Расеі – гэта правал». Дарожныя мапы так і не падпісалі


Быў напружаны дзень, а бакі плённа папрацавалі ў шэрагу пытанняў. Такой мала інфарматыўнай заявай скончылася ўчорашняя сустрэча Лукашэнкі ды Пуціна ў Сочы. Кіраўнік Беларусі яшчэ ўчора вылецеў з Расеі. Наступная сустрэча – 20 снежня.

Пяць гадзінаў перамоваў за зачыненымі дзвярыма. Але ані Пуцін, ані Лукашэнка гэтак і не распавялі грамадскасці, пра што яны гэтак доўга размаўлялі. За іх гэтую ролю выканаў міністр эканамічнага развіцця Расеі. Надзвычай коратка, як на цэлы дзень доўгачаканых перамоваў.

«Вельмі плённа насамрэч папрацавалі ў цэлым шэрагу кірункаў: сельскай гаспадарцы, сувязі, мытні, у рэгуляванні нафтавага рынку. Дасягнулі сур’ёзнага прагрэсу нават у пытанні нафты і газу, пазіцыі бакоў вельмі сурʼёзна зблізіліся», – заявіў міністр эканамічнага развіцця Расеі Максім Арэшкін.

Наступны раунд перанеслі на пятніцу 20 снежня – у Санкт-Пецярбурзе, хоць ужо сёння кіраўнікі краінаў меліся ўрачыста падпісваць глыбокую інтэграцыю. Пра тое, чаму ўсё ж такі дарожных мапаў аб паглыбленай інтэграцыі не падпісалі адмыслова сёння, на 20-годдзе дамовы аб гэтак званай Саюзнай дзяржаве, – ані слова.

«Глабальна для Расеі – правал. (…) Глабальны правал расейскай палітыкі, што яна не можа знайсці сабе надзейных хаўруснікаў у сучасным свеце», – адзначае палітолаг Сяргей Нікалюк.

Сімвалізм з датамі падарваны. Сёння ж амбасадар Беларусі ў Маскве заявіў, што на перамовах знайшлі, як зняць абмежаванне на экспарт беларускіх харчоў у Расею, а таксама – як кампенсаваць Менску падатковы манеўр.

«Пастаўленая задача, каб пытанні ўніфікацыі падаткаабкладання былі вырашаныя цягам 2020–2021 гадоў і запрацавалі рэальна з 1 студзеня 2022 года. Пытанне поўнай кампенсацыі стратаў ад падатковага манеўру можа быць развязанае з 1 студзеня 2022 года», – зазначыў амбасадар Уладзімір Сямашка.

Таксама Сямашка дадаў, што на перамовах узгаднілі дзве дарожныя мапы – аб электраэнергетыцы і ў мытнай сферы. Яшчэ восем з трыццаці адной дарожных мапаў застаюцца не ўзгодненымі і, што не менш важна, – закрытымі для грамадства. Пытанне аб цане на газ вырашаць цягам двух тыдняў.

«Я ўпэўненая, што ніякіх прынцыповых зменаў сустрэча ў Сочы для Беларусі, для незалежнасці Беларусі не нясе», – мяркуе палітолаг Вольга Харламава.

Але чаму ўвогуле патрэбная такая сакрэтнасць перамоваў? І чаму дарожных мапаў не дэманструюць грамадскасці?

«І Лукашэнка, і Пуцін зацікаўленыя толькі ў адной праблеме. Гэта праблема захавання асабістай улады. Але для Лукашэнкі дзеля гэтага галоўным чынам трэба забяспечваць рост прыбыткаў насельніцтва, а Расея – гэта імперыя. І тут на першы ўзровень выходзіць праблема імперскае свядомасці», – кажа палітолаг Сяргей Нікалюк.

А таму, паводле адмыслоўца, праблема не мае канчатковага развязання, але ўражанне наступнае – у гэтых перамовах увесь час прайграе менавіта Пуцін.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»