Аб'ектыў 13.06.2017 «Хтосьці пакутуе, а хтосьці зарабляе». Як гэта – быць дыябетыкам у Беларусі


Медыцына ў Беларусі бясплатная толькі для здаровых.

Валерыя Тамашова хварэе на дыябет 1-га тыпу. Асобы з такім захворваннем вымушаныя рэгулярна кантраляваць узровень цукру ў крыві – наступствы недагляду могуць быць самыя трагічныя. Электронныя прылады, якія адсочваюць стан здароўя такіх дзетак, як анёлы-абаронцы.

«Я кожныя 15 хвілінаў, калі гуляю, то прыкладаю прыбор і правяраю. Некаторыя дзеці адчуваюць самі, што ў іх падае ўзровень цукру, але я не адчуваю гэтага», – кажа Валерыя Тамашова, якая хварэе на дыябет 1 тыпу.

Сучасныя прылады для замеру цукру ў Беларусі не выпускаюць. І бясплатная медыцына ў нашай краіне не забяспечвае імі семʼі, якія іх патрабуюць. Бацькі такіх дзетак набываюць электроніку і расходныя матэрыялы да яе за ўласны кошт за мяжою, а гэта $ 250–300 на месяц. Але, як вядома, міжнародныя пасылкі, даражэйшыя за 22 еўраў, трэба размытніць, даплаціць 30 % ад вартасці тавару. Пра правіла «не можаш дапамагчы – хоць бы не перашкаджай» чыноўнікі забыліся.

Маці Валерыі Тамашовай кажа, што выгодней замаўляць у пасярэднікаў з Расеі, нягледзячы на тое, што яны «круцяць цану».

«Хтосьці пакутуе, а хтосьці зарабляе, кажа – Вольга Тамашова. – Але гэта ўсё роўна танней, чымся плаціць падатак у нас».

Бацькі дзяцей хворых на дыябет абʼядналіся ды зрабілі калектыўны зварот у Міністэрства аховы здароўя з просьбаю вызваліць ад мыта сем’і, у якіх дзеці маюць пасведчанні аб інваліднасці. Склалі пералік патрэбнага абсталявання і расходнікаў. Сабралі пад дакументам больш за 200 подпісаў.

З ведамства прыйшла адпіска: маўляў, дзеці ўсім забяспечаныя, а наконт мыта пішыце ў Памежны камітэт. Адтуль іх накіравалі ў Камітэт гуманітарнай дапамогі, там – параілі звярнуцца ў Савет міністраў, адкуль перанакіравалі ў Адміністрацыю прэзідэнта.

Летась беларускі бюджэт атрымаў амаль Br 2,5 млн мыта з пасылак, якія нашыя суайчыннікі замовілі з-за мяжы. Гэта 1/20 кошту святочнага параду на 3 ліпеня. Колькі ў гэтае суме грошай ад такіх вось сем’яў у патрэбе, не вядома.

Ігар Кулей

Глядзі таксама
Каментары